БРАМІ́ДЫ неарганічныя, хімічныя злучэнні брому з іншымі элементамі. Браміды большасці металаў маюць высокія т-ры плаўлення (напр., брамід калію KBr tпл 730 °C), добра раствараюцца ў вадзе, акрамя брамідаў серабра, ртуці, медзі, свінцу. Браміды неметалаў і металаў III і IV груп перыяд. сістэмы легкаплаўкія, лятучыя рэчывы і напр., брамід алюмінію AlBr3 tпл 97 °C). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, пры ўзаемадзеянні броміставадароднай кіслаты з металамі, аксідамі, гідраксідамі, карбанатамі. Браміды натрыю і калію выкарыстоўваюць у медыцыне, хім. аналізе, браміды серабра — у вытв-сці кіна- і фотаматэрыялаў.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМІСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛА́ТА , раствор бромістага вадароду ў вадзе, HBr. Бясколерная вадкасць, якая пры захоўванні жаўцее (акісляецца з утварэннем брому), шчыльн. (65%-ны раствор) 1767,5 кг/м³. Моцная аднаасноўная кіслата, моцны аднаўляльнік. Солі броміставадароднай кіслаты — браміды. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДХА́РКВАЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

прыродныя або штучна сінтэзаваныя лекавыя сродкі, якія разрэджваюць макроту, паляпшаючы яе выдаленне, павышаюць актыўнасць слізістай бронхаў, паляпшаюць газаабмен, аслабляюць запаленчыя працэсы. Ужываюць пры вострых рэспіраторных захворваннях, хранічных бранхітах, запаленні лёгкіх, бронхаэктатычнай хваробе і інш. Найб. моцныя з іх: адвары і настоі каранёў алтэю, дзівасілу, падбелу, трыпутніку, травы тэрмопсісу, браміды натрыю і калію. Да адхарквальных сродкаў, якія разрэджваюць макроту, адносяцца ферментныя (трыпсіл, рыбануклеаза) і атрыманыя шляхам хім. сінтэзу (ацэтылцыстэіл, бромгексін).

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГЕНІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні галагенаў з інш. менш электраадмоўнымі элементамі. У прыродзе ўтвараюць асобныя класы мінералаў. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці галагенаў, шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, як кампанент шкла і інш. неарган. матэрыялаў.

Галагеніды неметалаў звычайна газы (напр., галагенавадароды, фтарыды серы) ці вадкасці (напр., хларыды серы). Галагеніды шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, а таксама мона- і дыгалагеніды інш. металаў — цвёрдыя крышт. рэчывы, даволі тугаплаўкія і малалятучыя. Большасць крышт. галагенідаў добра раствараецца ў вадзе, акрамя фтарыдаў. Гл. таксама Браміды, Ёдыды, Фтарыды, Хларыды.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)