БРАМІ́ДЫ неарганічныя, хімічныя злучэнні брому з іншымі элементамі. Браміды большасці металаў маюць высокія т-ры плаўлення (напр., брамід калію KBr tпл 730 °C), добра раствараюцца ў вадзе, акрамя брамідаў серабра, ртуці, медзі, свінцу. Браміды неметалаў і металаў III і IV груп перыяд. сістэмы легкаплаўкія, лятучыя рэчывы і напр., брамід алюмінію AlBr3 tпл 97 °C). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, пры ўзаемадзеянні броміставадароднай кіслаты з металамі, аксідамі, гідраксідамі, карбанатамі. Браміды натрыю і калію выкарыстоўваюць у медыцыне, хім. аналізе, браміды серабра — у вытв-сці кіна- і фотаматэрыялаў.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМАРГІРЫ́Т,

мінерал класа галагенідаў, брамід серабра, AgBr. Утварае цвёрдыя растворы з хлораргірытам, т.зв. эмбаліт Ag(Cl, Br), іншы раз з прымессю ртуці. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, жаўлакі, суцэльныя масы, радзей дробныя крышталі. Колер зялёны, жоўты, на паветры павольна цямнее. Бляск крышталёў алмазны, смаляны. Цв. каля 2,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных рудаў. Уваходзіць у састаў сярэбраных рудаў.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць натрый. Для натрыю найб. характэрны іонныя злучэнні з крышт. будовай. Найб. шырока выкарыстоўваюць натрыю гідраксід, солі неарган. і арган. к-т (гл. Мылы).

Солі неарган. кіслот (пры бясколерным аніёне) — бясколерныя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, іх водныя растворы і расплавы з’яўляюцца электралітамі. Натрыю брамід NaBr выкарыстоўваюць як аптычны матэрыял, у вытв-сці святлоадчувальных фотаматэрыялаў, у медыцыне (седатыўны сродак). Натрыю гідракарбанат NaHCO3 — пітная, ці харч., сода. Натрыю карбанат Na2CO3 — кальцыніраваная сода. Натрыю нітрат (натрыевая салетра) NaNO3 у прыродзе мінерал чылійская салетра (нітранатрыт). Выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, кансервант харч. прадуктаў. Натрыю сульфат Na2SO4 трапляюцца ў выглядзе мінералаў: тэнардыту і мірабіліту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, цэлюлозы, як сыравіну для атрымання інш. Н.з., сернай к-ты. Натрыю тыясульфат — соль тыясернай кіслаты. Вырабляюць у выглядзе пентагідрату Na2S2O3 5H2O. Выкарыстоўваюць для звязвання хлору пасля адбельвання тканін, як фіксаж у фатаграфіі, у медыцыне. Натрыю фасфаты — солі фосфарных кіслот. Выкарыстоўваюць як кампаненты мыйных сродкаў, змякчальнікі вады, у харч. прам-сці (напр., дыгідраортафасфат NaH2PO4 — разрыхляльнік цеста), у фатаграфіі (кампаненты праявіцелю) і інш. Натрыю фтарыд NaF у прыродзе мінерал віліяміт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмінію і плавіковай к-ты, як кампанент флюсаў, эмалей, зубной пасты, кансервант драўніны, інсектыцыд і інш. Натрыю хларыд (кухонная соль, каменная соль) NaCl, tпл 801°C, шчыльн. 2161 кг/м³. Вельмі пашыраны ў прыродзе: мінерал галіт, у марской вадзе, рапе салёных азёр. Атрымліваюць з прыроднай сыравіны. Выкарыстоўваюць яе смакавую дабаўку да ежы, для атрымання соды, хлору, гідраксіду натрыю і інш.

А.П.Чарнякова.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)