БРАВЭ́
(Bravais) Агюст (28.8.1811, г. Ананэ, Францыя — 30.3.1863),
французскі крышталёграф. Чл. Парыжскай АН (1854), праф. політэхнічнай школы ў Парыжы. Паклаў пачатак геам. тэорыі структуры крышталёў: знайшоў асн. віды прасторавых рашотак (1848; гл. Бравэ рашотка).
т. 3, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАВЭ́ РАШО́ТКА від прасторавай рашоткі крышталёў. Прапанавана А.Бравэ ў 1848, які выказаў гіпотэзу, што прасторавыя рашоткі крышталёў пабудаваны з заканамерна размеркаваных у прасторы пунктаў (вузлоў, дзе размешчаны атамы), якія можна атрымаць у выніку паўтарэння дадзенага пункта паралельнымі пераносамі (трансляцыямі). Правядзеннем прамых ліній праз гэтыя пункты прасторавая рашотка разбіваецца на роўныя паралелепіпеды (ячэйкі).
Адрозніваюць 4 тыпы Бравэ рашоткі: прымітыўныя (вузлы — толькі ў вяршынях элементарных паралелепіпедаў), гранецэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах усіх граняў), аб’ёмнацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтры паралелепіпедаў), базацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах процілеглых граняў). Існуе 14 відаў Бравэ рашоткі, якія размеркаваны па 7 сінганіях (сістэмах): трыкліннай (1 від Бравэ рашоткі), манакліннай (2), тэтраганальнай (2), рамбічнай (4), трыганальнай (1), гексаганальнай (1), кубічнай (3). Бравэ рашотка выкарыстоўваецца пры апісанні атамнай структуры крышталёў (складаныя структуры, калі элементарная ячэйка змяшчае некалькі атамаў, апісваюць як некалькі Бравэ рашотак, устаўленых адна ў адну).
Літ.:
Современная кристаллография. Т. 1. М., 1979.
П.А.Пупкевіч.
т. 3, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)