БО́ЧКАІ ((Bocskai) Іштван) (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),

венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. У выніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.

т. 3, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДО́ЛЬФ II (Габсбург) (Rudolf; 18.7.1552, Вена — 20.1.1612),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» і эрцгерцаг Аўстрыі ў 1576—1612; кароль Венгрыі [1572—1608] і Чэхіі [1575—1611]. З дынастыі Габсбургаў. Сын імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Максіміляна II, пляменнік (па маці) ісп. караля Філіпа II. У 1572 атрымаў венг. карону, у 1575 — чэш. карону і ў 1576 у спадчыну ад бацькі тытулы імператара і эрцгерцага. Праводзіў у цэлым антыпратэстанцкі курс (гл. Контррэфармацыя), але з-за супраціўлення гэтаму ў Венгрыі (рух пад кіраўніцтвам І.​Бочкаі) і Чэхіі даў свабоду веравызнання венг. і чэш. пратэстантам (адпаведна ў 1607 і 1609). У выніку міжусобнай барацьбы з братам Маціясам саступіў апошняму ўладу над Верхняй і Ніжняй Аўстрыяй, Венгрыяй, Маравіяй (1608) і Чэхіяй (1611). Супраціўляўся тур. экспансіі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

Рудольф II.

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)