мінеральныя рэчывы, у якіх бор знаходзіцца ў даступнай для раслін форме; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У якасці борных угнаенняў выкарыстоўваюць борную к-ту, борны канцэнтрат, буракс, борны суперфасфат, некаторыя борныя руды і інш. Асабліва эфектыўныя на дзярнова-падзолістых, перагнойна-карбанатных, некаторых балотных глебах, чырваназёмах, шэразёмах і інш.Найб. успрымальныя да борных угнаенняў насеннікі канюшыны, люцэрны, кармавыя і сталовыя караняплоды, цукр. буракі, бульба, грэчка, лён, бавоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя і мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання бору і інш. карысных кампанентаў. Прадстаўлены баратамі (пераважна натрыю, кальцыю, магнію), борасілікатамі і інш. мінераламі. Частку борных руд выкарыстоўваюць як угнаенні або перапрацоўваюць у борасуперфасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў КНР, ЗША, Турцыі, Аргенціне, КНДР, Перу, Чылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя ўгнаенні, якія маюць мікраэлементы, неабходныя раслінам у невял. колькасці. Пры дастатковай забяспечанасці раслін асн. пажыўнымі рэчывамі (азот, фосфар, калій) М. павышаюць ураджайнасць і ўстойлівасць раслін да захворванняў, а таксама паляпшаюць якасць с.-г. прадукцыі. Звычайна ў якасці М. выкарыстоўваюць солі мікраэлементаў, адходы прам-сці (шлакі, шламы), хелаты, што маюць мікраэлементы.
Патрэбнасць с.-г. культур у М. вызначаецца іх біял. асаблівасцямі і колькасцю мікраэлементаў у глебе, якая залежыць ад кіслотнасці глебы і колькасці гумусу ў ёй. Асн. спосабы выкарыстання М.: унясенне ў глебу да сяўбы разам з макраўгнаеннямі, апрацоўка растворамі М. раслін (апырскванне) і насення (перадпасяўное намочванне). Найб. пашыраныя М. — борныя ўгнаенні, медныя ўгнаенні, марганцавыя ўгнаенні, кобальтавыя ўгнаенні, цынкавыя ўгнаенні.
Літ.:
Рекомендации по использованию микроудобрений в земледелии Белоруссии, Литвы, Латвии, Эстонии. Мн., 1987;
Федюшкин Б.Ф. Минеральные удобрения с микроэлементами: Технология и применение. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
прыродныя воды з мінералізацыяй больш за 1 г/л, а таксама воды любой мінералізацыі са спецыфічнымі ўласцівасцямі (радыеактыўнасць, рН, т-ра) або біялагічна актыўнымі мікракампанентамі (бром Br, жалеза Fe, вуглякіслы газ CO2, серавадарод H2S, радон Rn і інш.). Падзяляюцца на воды слабай (да 2 г/л), малой (2—5 г/л), сярэдняй (5—15 г/л) і высокай (15—35 г/л) мінералізацыі і расолы (>35 г/л). У бальнеатэрапіі М.в. ўжываюць на ванны, піццё, інгаляцыі, арашэнні.
На Беларусі М.в. выяўлены ва ўсіх гідрагеал. басейнах: Аршанскім, Брэсцкім, Прыбалтыйскім, Прыпяцкім, у межах Беларускага і Варонежскага гідрагеал. масіваў, дзе прымеркаваны да адкладаў юры, трыясу, пярмі, карбону, дэвону, кембрыю, верхняга пратэразою, а таксама трэшчынаватай зоны парод крышт. фундамента; на глыбінях ад 200—300 м да 600—800 м і больш. Магутнасць гарызонтаў ад некалькіх метраў да 260—530 м. Водаўмяшчальныя пароды — пяскі, пясчанікі, трэшчынавата-закарставаныя даламіты, мергелі, гіпсы, ангідрыты, трэшчынаватыя і выветралыя покрыўна-лававыя, метамарфічныя і інтрузіўныя. Больш пашыраны М.в., лячэбнае ўздзеянне якіх адбываецца за кошт макракампанентаў хім. саставу і мінералізацыі. Паводле хім. саставу воды хларыдна-натрыевыя, хларыдна-сульфатныя, кальцыева-натрыевыя, гідракарбанатна-хларыдныя натрыевыя, сульфатныя рознага катыённага саставу і інш. Са спецыфічнымі кампанентамі вылучаюцца радонавыя, серавадародныя, бромныя, борныя і воды з вял. колькасцю гумусавых рэчываў. Разведаны 103 радовішчы М.в. Эксплуатацыйныя рэсурсы складаюць больш за 20 тыс.м³/сут; выкарыстоўваюцца санаторыямі, прафілакторыямі, водалячэбніцамі («Беларусь», «Бярэсце», «Васільеўка», «Крыніца», «Лётцы», «Нарач», «Прыдняпроўскі», «Радон» і інш.). Выпускаюцца пітныя лячэбна-сталовыя воды больш як 60 найменняў («Мінская», «Бабруйская», «Усмешка», «Дарыда», «Рэчыцкая», «Фрост», «Ільдзінка», «Барысаўская», «Бярэзінская», «Брэсцкая» і інш.). Бліжэйшымі аналагамі бел. М.в. з’яўляюцца: «Міргарадская», «Крымская» (Украіна), «Іжэўская», «Кашынская», «Омская» (Расія), «Друскінінкайская» (Літва), «Вярска» (Эстонія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць карысных выкапняў, выяўленых у нетрах асобных рэгіёнаў, краін, кантынентаў, прыдатных і даступных для асваення. З’яўляюцца сыравіннай асновай для развіцця найважнейшых галін прамысл. вытв-сці (энергетыка, паліўная прам-сць, чорная і каляровая металургія, хім.прам-сць, буд-ва і інш.), а таксама аб’ектам міжнар. супрацоўніцтва. Паводле сферы выкарыстання М.р. падзяляюцца: на паліўна-энергетычныя (нафта, прыродны газ, вуглі, гаручыя сланцы, торф, уранавыя руды); руды чорных металаў (жалезныя, марганцавыя, хромавыя і інш.); руды каляровых і легіруючых металаў (алюмінію, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, вальфраму, малібдэну, волава, сурмы, ртуці і інш.); руды рэдкіх і высакародных металаў; горна-хімічныя (фасфарыты, апатыты, каменная, калійныя і магнезіяльныя солі, сера, борныя руды, бром і ёдазмяшчальныя растворы, барыт, флюарыт і інш.); каштоўныя вырабныя камяні, нярудная індустрыяльная сыравіна (слюда, графіт, азбест, тальк, кварц і інш.); нярудныя буд. матэрыялы (цэментная і шкловая сыравіна, мармур, базальт, граніт, гліны, пяскі); гідрамінеральныя (падземныя прэсныя, мінер. і тэрмальныя воды). Паняцце «М.р.» мяняецца з часам у залежнасці ад узроўню развіцця грамадства, патрэб вытв-сці, узроўню тэхн. прагрэсу і магчымасцей эканомікі. Напр., каменны вугаль стаў карысным выкапнем прамысл. значэння толькі ў канцы 17 ст., нафта — у сярэдзіне 19 ст., руды алюмінію, магнію, хрому рэдкіх элементаў, калійныя солі — у канцы 19 — пач. 20 ст., уранавыя руды — у сярэдзіне 20 ст. М.р. колькасна ацэньваюцца запасамі карысных выкапняў і прагнознымі рэсурсамі, якія размеркаваны ў нетрах Зямлі вельмі нераўнамерна. Напр., больш за 80% запасаў вугалю сканцэнтравана ў нетрах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Паўднёва-Афр. Рэспублікі, 87% марганцавых руд — у Паўднёва-Афр. Рэспубліцы і Аўстраліі, 86% калійных солей — у Канадзе. Гл. таксама табл.
Частка М.р., падрыхтаваная геолагаразведачнымі работамі да асваення, наз.мінеральна-сыравіннай базай. Прамысл. асваенне М.р. уключае іх ацэнку (навукова-доследныя, пошукавыя і геолагаразведачныя работы) і ўласна асваенне (здабыча, абагачэнне і перапрацоўка). М.р. з’яўляюцца неўзнаўляльнымі прыроднымі рэсурсамі, што абумоўлівае неабходнасць рацыянальнага іх выкарыстання, уліку эколага-эканам. падыходаў пры распрацоўцы, скарачэння страт пры здабычы, перапрацоўцы і транспарціроўцы, а таксама утылізацыі другаснай сыравіны.
П.З.Хоміч.
Размеркаванне асноўных відаў мінеральных рэсурсаў, 1997
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і, разам з Паўночнай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 18,28 млн.км², без астравоў 18,1 млн.км². Паўн. пункт — мыс Гальінас 12°25′паўн. ш., паўд. — мыс Фроўард 53°54′паўд. ш. (мыс Горн на в-ве Горн — 55°59 паўд. ш.), усх. — мыс Кабу-Бранку 34°46 зах. д., зах. — мыс Парыньяс 81°20′зах. д. Працягласць з Пн на Пд 7150 км, з У на З да 5150 км. На Пн Панамскім перашыйкам злучана з Паўн. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пд — Магеланавым пралівам. Берагі пераважна прамыя, на ПдЗ значна парэзаны фіёрдамі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу: на З — Гуаякіль, на Пн — Венесуэльскі і возера-лагуна Маракайба, на ПдУ — Ла-Плата. Да П.А. адносяць архіпелагі Вогненная Зямля і Чылійскі, а-вы Галапагас, Фалклендскія (Мальвінскія) і інш.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 580 м. На З — горная сістэма Андаўвыш. да 6960 м (г. Аканкагуа), складаецца з горных ланцугоў і высокіх плато паміж імі. На УБразільскае пласкагор’е і Гвіянскае пласкагор’е. Паміж Андамі і пласкагор’ямі Амазонская нізіна, раўніны і нізіны Гран-Чака, Лаплацкая нізіна і нізіна Арынока; паверхня іх раўнінная, рачныя даліны ўрэзаны слаба. На Пд плато Патагоніі.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах вылучаюцца 2 асн. структуры: геасінклінальная на 3, платформавая на У. Фарміраванне Андаў пачалося ў познім палеазоі — мезазоі. Гораўтварэнне не закончылася (бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні). На У платформавыя структуры: Паўд.-Амерыканская і Патагонская платформы. Стараж. архейскі фундамент выходзіць на паверхню ў Гвіянскім, Зах.-Бразільскім і Усх.-Бразільскім шчытах. За межамі шчытоў тэр. платформ перакрыты пераважна кантынентальнымі адкладамі. Паміж платформавай і геасінклінальнай абласцямі — тэктанічныя ўпадзіны Арынока, Гран-Чака, Ла-Плата; паміж Андамі, Гвіянскім і Зах.-Бразільскім шчытамі — Амазонская ўпадзіна. Упадзіны запоўнены марскімі адкладамі і прадуктамі разбурэння гор. Платформы пачалі фарміравацца ў дакембрыі, у кембрыі злучыліся ў адзін масіў. У трыясе ў бас.р. Парана ўтварыліся разломы і адбыліся вывяржэнні базальтавых лаў.
Карысныя выкапні. П.А. багата карыснымі выкапнямі. Радовішчы нафты і прыроднага газу ў міжгорных і перадгорных прагінах, у прагінах платформ. Найб. запасы ў Венесуэле, Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, ёсць у Эквадоры, Перу, Чылі, Балівіі. Каменны вугаль у Бразіліі, Калумбіі, Венесуэле, Чылі. Вял. запасы медных (Чылі, Перу), жал. (Бразілія, Перу, Венесуэла), марганцавых, тытанавых і хромавых (Бразілія), ванадыевых (Венесуэла, Бразілія, Чылі), вальфрамавых (Балівія, Перу), залатых (Бразілія, Аргенціна, Чылі, Перу), малібдэнавых (Чылі), нікелевых (Бразілія, Калумбія, Венесуэла), алавяных (Бразілія, Балівія), сурмяных (Балівія), уранавых (Бразілія, Аргенціна, Перу), плацінавых (Калумбія), свінцовых і цынкавых (Перу, Бразілія), сярэбраных (Перу, Балівія) руд; баксітаў (Бразілія, Венесуэла, Сурынам). Ёсць рэдкаметальныя руды (берыліевыя, літыевыя, ніобіевыя, танталавыя, цырконавыя), горнахім. сыравіна (барый, борныя руды, калійныя солі, самародная сера, натрыевая салетра. флюарыт, фасфарыты і інш.), алмазы, каштоўныя і вырабныя камяні і інш.
Клімат П.А. абумоўлены размяшчэннем яе пераважна ў экватарыяльным і паўд. трапічным паясах. Характэрна вял. і амаль раўнамернае (акрамя крайняга Пд) паступленне сонечнага цяпла. Сезонныя кліматычныя адрозненні залежаць ад сонечнай радыяцыі, агульнай цыркуляцыі атмасферы, цэнтраў высокага ціску атмасферы. Пераважае экватарыяльная і мусонна-пасатная цыркуляцыя паветра з Атлантычнага ак. На З Амазонскай нізіны вільготны экватарыяльны гарачы клімат без сухога перыяду, на У Амазонскай нізіны — субэкватарыяльны, на Пд — субтрапічны і ўмераны клімат. У паўн. раўніннай частцы т-ра паветра ўвесь год каля 20—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год у бас. рэк Арынока і Амазонка. У студз. на Бразільскім пласкагор’і 20—28 °C, у ліп. 12—25 °C, на Лаплацкай нізіне адпаведна 20—24 і 8—16 °C, у Патагоніі 12—23 і 3 °C. Ападкаў на Бразільскім пласкагор’і ад 500 мм на ПнУ да 2000 мм у большай частцы і да 3000 мм на ПдУ, на Лаплацкай нізіне ад 500 мм да 1000 мм, у Патагоніі каля 250 мм. Снегавая лінія ў гарах экватарыяльнай зоны на выш. каля 5 тыс.м, на Пд на выш. каля 1000—1200 м. Максімум ападкаў — да 10 000 мм у гарах на З Калумбіі, да 7000 мм на Пд Чылі; на ўзбярэжжах Перу і Паўн. Чылі (у пустыні Атакама) менш за 100 мм за год.
Унутраныя воды. Па велічыні гадавога сцёку П.А. займае 2-е месца ў свеце — каля 20% сцёку рэк Зямлі (каля 7900 км³/год), па сярэднім слоі сцёку (440 мм) на 1-м месцы ў свеце. Больш за 90% тэр. мацерыка адносіцца да бас. Атлантычнага ак.Найб. рэкі: Амазонка (самая мнагаводная і вял. па пл. басейна ў свеце), Арынока, Парана з Парагваем, Сан-Франсіску, Магдалена. Пераважае дажджавое жыўленне рэк, на Пд Патагоніі снегавое, у Андах месцамі ледавіковае. У экватарыяльных раёнах летнія дажджавыя паводкі і памяншэнне расходаў зімой. Пастаянна паўнаводныя рэкі на З Амазонскай нізіны і на Пд Бразільскага пласкагор’я. Максімум сцёку рэк позняй вясной і летам у Патагоніі і Сярэднім Чылі. На Пн Чылі ў пустыні Атакама сцёк толькі перыядамі. Буйныя азёры Маракайба (на Пн), Тытыкака (на выш. 3812 м) і інш. У Андах ледавікі (больш за 20 тыс.км²), найб. на Пд і на Вогненнай Зямлі.
Глебы і расліннасць. На раўнінах П.А. шыротная занальнасць глеб і расліннасці. У бас.р. Амазонка і на Гвіянскім пласкагор’і вільготныя лясы (гілея) на чырвона-жоўтых латэрытах. Шмат балот. Расліннасць багатая і разнастайная: пальмы, дрэвападобныя папараці, гевея, сейба, фікусы, архідэі. На Пн і Пд ад экватарыяльнай зоны ўмерана вільготныя вечназялёныя лясы і саванны розных тыпаў (льянасы ў бас.р. Арынока, кампас і каатынга на Бразільскім пласкагор’і) на чырвоных, карычнева-чырвоных, чырвона-бурых латэрытных тыпах глеб. Расліннасць у каатынзе — засухаўстойлівыя бутэлечныя і калючыя дрэвы, лісцевыя і сцябловыя сукуленты, у кампасе менш засухаўстойлівыя нізкарослыя дрэвы, кусты і злакі, у льянасах — акацыі, мімозы, кактусы, травы. На Пд Бразільскага пласкагор’я лясы з бразільскай араўкарыі, лісцевых дрэў, кустоў. У бас.р. Парана і на Лаплацкай нізіне на Пн трапічныя лясы і рэдкалессі (кебрача, альгараба і інш.), глебы карычнева-чырвоныя, шэра-карычневыя, шэразёмы, на Пд пампа — злакавае разнатраўе на чарназёмах. У Патагоніі расліннасць паўпустынная, куставая, на бурых, пераважна друзавых, глебах. У Андах выяўляецца верт. пояснасць: у паўд. Андах лясы з паўд. буку, араўкарый, на ўсх. схілах пераважна лясная, на З, Паўн. Чылі і Перу, а таксама ва ўнутр. раёнах — пустынная і паўпустынная расліннасць. П.А. — радзіма бульбы, тытуню, батату, маніёку, гевеі, арахісу і інш.
Жывёльны свет. П.А. ўваходзіць у Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Жывёльны свет багаты і своеасаблівы. Для большай ч. мацерыка характэрны браняносцы, тапіры, пекары, ягуар, грывасты воўк, малпы, яноты, скунсы, дзікабразы; з птушак — туканы, папугаі, калібры, гаацын, кондар; у рэках — ламанціны, рачныя дэльфіны, каля 2 тыс. відаў рыб. Мноства насякомых і павукоў. У саваннах і рэдкалессях алені, грызуны, страус нанду, на Пд у пампе, стэпах і паўпустынях пума, пампасны алень, грызуны. У пустынных высакагор’ях — гуанака і вікунья, рэліктавы мядзведзь-акулярнік. Шмат эндэмікаў: шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, апосумы.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 350 млн.чал. (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 19,1 чал. на 1 км². Найбольшая (больш за 100 чал. на 1 км²) у міжгорных далінах Андаў, у сярэдняй ч. Чылі, найб. асвоеных раёнах Аргенціны і Бразіліі. Найменшая шчыльн. (каля 1 чал. на 1 км²) у асобных раёнах бас.р. Амазонка, самых высакагорных раёнах Андаў, на Пд Патагоніі, на Фалклендскіх а-вах і інш. У краінах П.А. пераважае гарадское насельніцтва, найбольш у Уругваі (91%), Аргенціне (88%), Венесуэле (86%), Чылі (84%), Бразіліі (79%). Карэнныя жыхары П.А. — індзейцы. З канца 15 ст. П.А. пачалі заваёўваць і каланізаваць іспанцы і партугальцы, яны прывозілі як рабоў афр. неграў. У выніку каланізацыі, распаўсюджаныя цяжкіх хвароб мноства абарыгенаў загінула, шмат плямён вымерлі. Сярод сучасных індзейскіх народаў найбольшыя кечуа (14,9 млн.), аймара (2,2 млн.), араўканы (0,9 млн.). Паводле расавага складу насельніцтва П.А. мангалоіды (індзейцы), еўрапеоіды, негроіды, метысы (ад змяшання еўрапейцаў з мясц.нас.), мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання), самба (змешаны індзейска-негроідны антрапал. тып). Ёсць нядаўнія эмігранты — іспанцы, партугальцы, італьянцы, немцы, яўрэі, палякі, рускія, украінцы, японцы. У Аргенціне жывуць беларусы (каля 5 тыс.) і іх нашчадкі; ёсць звесткі пра групы беларусаў і іх нашчадкаў у Парагваі, Уругваі, на Пд Бразіліі. У П.А. пашыраны раманскія мовы — ісп. (большасць краін), партуг. (Бразілія), франц. (Гвіяна Французская). Англ. (Гаяна і Фалклендскія а-вы) і галандская (Сурынам) мовы адносяцца да германскай групы. У Парагваі гавораць на мовах ісп. і гуарані. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя; выхадцы з Азіі вызнаюць іслам, будызм, сінтаізм і інш., некат. індзейскія плямёны прытрымліваюцца сваіх традыц. вераванняў. Гл. таксама Народы Амерыкі.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка размешчана 12 дзяржаў: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаяна, Калумбія, Парагвай, Перу, Сурынам, Уругвай, Чылі, Эквадор. Гвіяна Французская — уладанне Францыі, Фалклендскія а-вы належаць Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна). Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
Да арт.Паўднёвая Амерыка. Ландшафт цэнтральнай часткі Эквадора.Пласкагор’е Альтыплана ў Балівіі.На беразе Амазонкі.Перадгор’і Андаў у Аргенціне.Узбярэжжа Ціхага акіяна ў Чылі.