ПРАРО́КАЎ (Барыс Іванавіч) (9.5.1911, г. Іванава, Расія—19.9.1972),

расійскі графік. Нар. маст. СССР (1971). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў маскоўскім Вышэйшым маст. ін-це (1929—31). Супрацоўнічаў з газ. «Комсомольская правда», час. «Смена», «Крокодил». Стварыў серыі малюнкаў: «Вось яна, Амерыка!» (1948—49), «За мір» (1950), «Маякоўскі пра Амерыку» (1951—54), «Гэта не павінна паўтарыцца!» (1958—59), «Барацьба» (1969—70). Творам характэрны вострая публіцыстычнасць, напружаныя танальныя кантрасты. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

Тв.:

О времени и о себе. М., 1979.

Літ.:

Кислякова И.В. Б.​Пророков — художник-борец. Л., 1985.

Б.Прарокаў. Каля Бабінага Яра. З серыі «Гэта не павінна паўтарыцца!». 1958—59.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЬТАН, Мілтан (Milton) Джон (9.12.1608, Лондан — 8.11.1674), англійскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1632). Пісаў на англ., італьян. і лац. мовах. Раннія творы (цыклы вершаў, санетаў, п’еса-маска «Комус», 1634; элегія «Лісідас», 1638, і інш.) адзначаны эстэтыкай, пераходнай ад Рэнесансу да Новага часу, у цэнтры — праблемы выбару шляху, прызначэння чалавека. У абарону рэсп. ідэалаў, свабоды слова і сумлення стварыў шматлікія трактаты і памфлеты: «Арэапагітыка» (1644), «Іканаборца» (1649), «Абарона англійскага народа» (1650) і інш. Вяршыня яго творчасці — эпічныя паэмы на біблейскія сюжэты «Страчаны рай» (1667) і «Вернуты рай» (1671), у якіх узняты праблемы пазнання Дабра і Зла, іх процістаяння і дыялект. адзінства, сэнсу жыцця і гіст. лёсу чалавецтва. Паэмы з рысамі барока і класіцызму адзначаны маштабнасцю вобразаў, складанай метафарычнасцю, сімволікай і алегарычнасцю. Аўтар трагедыі «Самсон-змагар» (1671), гіст. прац. «Гісторыя Брытаніі» (1670), «Кароткая гісторыя Масковіі» (1682).

Тв.:

Рус. пер. — Потерянный рай. Стихотворения. Самсон-борец. М., 1976.

Літ.:

Чамеев А.А. Джон Мильтон и его поэма «Потерянный рай». Л., 1986.

Г.​В.​Сініла.

Дж.Мільтан.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)