Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СЕРМАН (Bassermann) Альберт
(7.9.1867, г. Мангейм, Германія — 15.5.1952),
нямецкі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у гар. т-ры Базеля (1889). Працаваў у буйнейшых т-рах краіны. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Гельмер («Нора» Г.Ібсена), Крамптан («Калега Крамптан» Г.Гаўптмана), Лір, Атэла, Мальволіо, Петручыо («Кароль Лір», «Атэла», «Дванаццатая ноч», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра). З 1915 акцёр-гастралёр. У 1933 эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у ЗША. З 1913 здымаўся ў кіно: «Лукрэцыя Борджыя» (Германія), «Рапсодыя ў стылі блюз» (ЗША), «Чырвоныя чаравічкі» (Вялікабрытанія) і інш.
т. 2, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РДЖА, Борджыя (ісп. Borja, італьян. Borgia),
арыстакратычны род іспанскага паходжання, які ў 15 — пач. 16 ст. адыгрываў значную ролю ў гісторыі Італіі. Пачатак яго ўзвышэнню даў Алонса (31.12.1378—6.8.1458), які стаў папам (1455—58) пад імем Калікста III. Яго пляменнік Радрыга (1430—18.8.1503) — папа Аляксандр VI (1492—1503), са сваім сынам Чэзарэ (1475 ці 1476—12.3.1507) імкнуліся стварыць у Сярэдняй Італіі вял. дзяржаву, дзе Чэзарэ меў бы абсалютную ўладу. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі подкупы, забойствы. У 1499 Чэзарэ стаў правіцелем Раманьі. Пасля смерці Аляксандра VI пазбаўлены ўлады, уцёк у Іспанію. Загінуў у баі ў час міжусобных войнаў. Чэзарэ — прататып правіцеля ў творы Н.Макіявелі «Гасудар». Дачку Аляксандра VI Лукрэцыю (18.4.1480—24.6.1519) бацька і брат Чэзарэ тройчы выдавалі замуж з паліт. мэтамі. У 1501 Лукрэцыя стала жонкай герцага Ферары Альфонса д’Эстэ. Пры яе двары ў Ферары працавалі вучоныя, паэты, мастакі Л.Арыёста, П.Бемба, Тыцыян і інш.
т. 3, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)