назва групы хім. элементаў (большза 50), што выкарыстоўваюцца ў невял. колькасці, або адносна новыя ў тэхніцы. У прыродзе даволі малапашыраныя (элементы з кларкамі, ніжэйшымі за 0,01% па масе).
Звычайна не ўтвараюць буйных радовішчаў сваіх мінералаў. Агульная колькасць Рэ. у зямной кары 0,53% па масе, 0,41% прыпадае на тытан, які традыцыйна адносяць да Р.э., хоць яго прыродныя запасы значныя і здабываецца ён у вялікай колькасці. Паводле асаблівасцей геахіміі і тэхналогіі вылучэння і раздзялення падзяляюць на групы: лёгкія Р.э. — літый, цэзій, берылій, стронцый; рэдказямельныя элементы; рассеяныя элементы; тугаплаўкія Р.э. — цырконій, ніобій, тантал, малібдэн і інш.; плацінавыя металы; радыеактыўныя элементы (уран, торый і інш.), інертныя газы. З павелічэннем аб’ёму вытв-сці многіх з гэтых элементаў тэрмін «Р.э.» становіцца ўсёбольш умоўным.
Літ.:
Химия и технология редких и рассеянных элементов. Ч. І—3. 2 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАГА́МІЯ (ад мана... + ...гамія),
1) форма адносін паміж поламі ў жывёл, калі адзін самец за сезон спароўваецца з адной самкай. У працэсе эвалюцыі М. развівалася як больш спецыялізаваная з’ява ў параўнанні з палігаміяй. Тыповая палавая структура папуляцый манагамных жывёл вызначаецца прапарцыянальнасцю (колькасныя суадносіны самцоў і самак 1:1). Полавы дымарфізм у манагамаў выяўлены менш выразна, чым у палігамаў. Пры М. самец звычайна прымае ўдзел у выхаванні патомства.
У млекакормячых М. сустракаецца радзей, чым палігамія. Параўнальна ўстойлівыя пары фарміруюцца ў барсука, ваўка, ліса (звычайна на 1 сезон), у чалавекападобных малпаў (на некалькі гадоў ці на ўсё Жыццё). У птушак М. шырока распаўсюджана, пары на некалькі гадоў, часам на ўсё жыццё ўтвараюць арлы, буслы, грыфы, лебедзі, совы; гусі — на сезон. У межах віду могуць быць пераходы ад М. да палігаміі (бабры). М. сустракаецца і ў беспазваночных, у якіх рамцы і самкі ці толькі самцы гінуць пасля спароўвання ці адкладвання яец (некат. павукі, жукі-караеды, свойскія пчолы і інш.).
2) Гіст. форма шлюбу і сям’і (аднашлюбнасць). Узнікла з парнага шлюбу ў эпоху распаду першабытнаабшчыннага ладу, стала пануючай формай шлюбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА (лац. norma правіла, узор),
межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсёбольш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш заўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАВІЦ (Horowitz) Уладзімір Самойлавіч (1.10.1904, г. Бярдзічаў, Украіна — 5.11.1989),
амерыканскі піяніст укр. паходжання. Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1921). Шмат канцэртаваў. З 1928 у Нью-Йорку. Адзін з буйнейшых піяністаў-віртуозаў 20 ст. Яго выкананне вызначалася бліскучай тэхнікай, бурным тэмпераментам, дынамічным напорам і разам з тым рамант. адухоўленасцю, паэт. вытанчанасцю, своеасаблівасцю трактоўкі. Сусв. вядомасць атрымаў перш заўсё выкананнем буйных твораў Ф.Ліста (многія ва ўласных, больш віртуозных апрацоўках), а таксама Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, А.Скрабіна, Р.Шумана, М.Мусаргскага, Д.Скарлаці і інш. Сярод вучняў Б.Джайніс.
Літ.:
Коган Г. Владимир Горовиц // Сов. Музыка. 1965. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,
верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей заўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:
Лілею
млявы
плёс
люляе,
З-пад злежалых
аблок
здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы,
абмялелы
плёс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧЫТ,
1) у тэктоніцы — буйны (да тысячы кіламетраў у папярочніку) выступ фундамента платформы, структура, процілеглая пліце. У межах Ш. складкавы крышт. фундамент выходзіць на паверхню, напр., Алданскі шчыт, Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт. Ш. — звычайна прыўзнятая вобласць на платформе, якая толькі ў перыяды макс. трансгрэсій на кароткі час залівалася морам, таму асадкі платформавага чахла тут маламагутныя і развітыя спарадычна. Контуры Ш. вельмі ўстойлівыя і захоўваюцца доўгі час. Тэрмін «Ш.» прапанаваў аўстр. геолаг Э.Зюс (1885), «Ш. крышталічны» — рус. геолаг М.С.Шацкі (1947).
2) У геамарфалогіі — ледзяны Ш., частка або ўсё наземнае ледавіковае покрыва шчытападобнай выпуклай формы магутнасцю да некалькіх кіламетраў (большза 4 км у сучаснага антарктычнага ледавіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МНЫ ПАДЫХО́Д,
кірунак метадалогіі навук. пазнання і сац. практыкі, у аснове якога разгляд аб’ектаў як сістэм. Спецыфіка С.п. ў тым, што ён арыентуе даследаванне на раскрыццё цэласнасці аб’екта, выяўленне разнастайных тыпаў сувязі складанага аб’екта і звядзенне іх да адзінай тэарэт. карціны. У наш час С.п. займае адно з вядучых месц у навук. пазнанні. Перадумовай пранікнення яго ў навуку з’явіўся перш заўсё пераход да новага тыпу навук. задач: у многіх галінах навукі гал. сталі праблемы арг-цыі і функцыянавання складаных аб’ектаў; пазнанне ўсёбольш аперыруе сістэмамі, межы і склад якіх далёка не відавочныя і патрабуюць спец. даследавання ў кожным асобным выпадку. Аналагічнага тыпу задачы ўзніклі і ў сац. практыцы, калі замест лакальных, галіновых задач і прынцыпаў вядучую ролю пачалі адыгрываць буйныя комплексныя праблемы, якія патрабуюць цеснага ўзаемаўвязвання эканам., сац., экалагічных і інш. аспектаў грамадскага жыцця. Развіццё даследаванняў у гэтым кірунку выявіла недастатковасць агульнай тэорыі сістэм, якая ўжывалася раней. Для абазначэння больш шырокай сферы метадалагічных праблем з 1970-х г. пачалі ўжываць тэрмін «С.п.» Паняцці і прынцыпы С.п. выяўляюць больш шырокую пазнавальную рэальнасць у параўнанні з той, што фіксавалася ранейшымі ведамі, даюць новую схему тлумачэння, у аснове якой пошук канкрэтных механізмаў цэласнасці аб’екта, выяўленне поўнай тыпалогіі яго сувязей. З важнага для С.п. тэзіса аб разнастайнасці тыпаў сувязей вынікае, што складаны аб’ект дапускае не адно, а некалькі расчляненняў, з якіх неабходна выбраць «адзінку» аналізу, якая дасць магчы.масць фіксаваць цэласныя ўласцівасці аб’екта, яго структуру і дынаміку. Па пазнавальных устаноўках С.п. мае шмат агульнага з структуралізмам і структурна-функцыянальным аналізам.
Літ.:
Блауберг И.В., Юдин Э.Г. Становление и сущность системного подхода. М., 1973;
Уемов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;
Каган М.С. Системный подход и гуманитарное знание. Л., 1991;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМЕРЫ́ЙЦЫ (асір. gimirrai, грэч. Kimmerioi),
назва плямён, якія ў 8—7 ст. да н.э. жылі ў паўн.-ўсх. Прычарнамор’і. Паводле звестак Герадота і інш. аўтараў, К. засялялі Паўн. Прычарнамор’е аж да Фракіі і былі выгнаны адтуль скіфамі. У 670-я г. да н.э. К. захапілі Фрыгію, а ў 650-я — Лідыю. Большзаўсё яны затрымаліся ў Кападокіі, у раёне Сінопа (да канца 7 ст. да н.э.). З кімерыйска-скіфскім пранікненнем у Малую Азію звязваюць знаходкі стараж. «скіфскіх» наканечнікаў стрэл пры раскопках Багазкёя, Сардаў, Гордзіяна і інш. У археалогіі прычарнаморска-балканскіх краін К. нярэдка звязваюць з культурай пераходнай эпохі ад бронзы да жалеза.
Літ.:
Артамонов М.И. Киммерийцы и скифы: (От появления на ист. арене до конца IV в до н.э.). Л., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЭКСА́ЦЫЯ,
карэкціроўка грашовых даходаў насельніцтва (заработнай платы, каштоўных папер, укладаў і г.д.) у залежнасці ад узроўню інфляцыі. Сутнасць І. ў пераразліку даходаў, зыходзячы з росту цэн на тавары і паслугі і зніжэння таварнага забеспячэння грашовай адзінкі. Ажыццяўляецца памнажэннем намінальнай велічыні даходу (уклады і г.д.) на індэкс інфляцыі. Можа быць рэтраспектыўнай (звернутая да мінулага перыяду), калі страты, выкліканыя ростам цэн у мінулым перыядзе, кампенсуюцца ў бягучым, і чакаемай (папераджальнай), калі страты пакрываюцца ў сувязі з чаканнем росту цэн. Частковая кампенсацыя даходаў насельніцтву можа ажыццяўляцца ў залежнасці ад памеру даходу. Напр., першы памер мінім. заработнай платы індэксуецца поўнасцю, другі — часткова. У гэтым выпадку дыферэнцыяцыя памераў І. выключае частку даходаў пераважна больш кваліфікаванай часткі працуючых (у каго памер заработнай платы большы), але дазваляе абараніць частку насельніцтва з малымі даходамі, перш заўсё пенсіянераў, студэнтаў і інш. Адрозніваюць поўную і частковую І. даходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,
баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням.танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс.чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам большза 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс.мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.Ц.Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».