Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЛА́РДЫ [англ., адзіночны лік lollard ад сярэдненідэрл. lollaert(d) літар. той, хто мармыча (малітвы)],
удзельнікі сял.-плебейскага руху 14 ст. ў Англіі і некаторых інш. зах.-еўрап. краінах, які набыў рысы антыкаталіцкай ерасі. Рух Л. узнік у г. Антверпен (Нідэрланды, цяпер Бельгія) каля 1300, у Англіі пашырыўся з пач. 1360-х г. (пропаведзі Дж.Бола і інш.). Яны выступалі як вулічныя прамоўцы, адвяргалі прывілеі каталіцкай царквы, патрабавалі секулярызацыі яе маёмасці, крытыкавалі несправядлівасці феад. ладу (з хрысц. пазіцый), настойвалі на адмене паншчыны, царк. дзесяціны і інш. Л. не заклікалі непасрэдна да ўзбр. выступленняў, але адыгралі вял. ролю ў ідэалаг. падрыхтоўцы Уота Тайлера паўстання 1381 у Англіі, а Бол быў адным з яго правадыроў. Пасля падаўлення паўстання і асабліва з 1401 пачаліся жорсткія праследаванні Л., хоць іх прыхільнікі заставаліся ў Англіі да пач. 16 ст. і спрыялі падрыхтоўцы Рэфармацыі.
т. 9, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАН (польск. łan ад ням. Lehn лён),
зямельная мера ў сярэдневяковай Еўропе, якая адпавядала поўнаму сял. надзелу, абкладзенаму павіннасцямі. У асобных краінах выкарыстоўваліся нац. назвы Л. (манс у Францыі, гайда ў Англіі, гуфа ў Германіі, бол у Даніі, гак у Інфлянтах і інш.). Напачатку Л. складаў тэр. сял. гаспадаркі не менш за 3 маргі. Пазней (у Польшчы з 13 ст.) адзінкай вымярэння была плошча зямлі, якая апрацоўвалася. Найб. былі пашыраны Л. фламандскі (16,7—17,5 га) і Л. франконскі (або тэўтонскі; 22,6—25,8 га). У 16 ст. ў ВКЛ пашырылася валока, якая паходзіла ад рыжскага Л., вядомага з 13 ст. (складаўся з 30 маргоў). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 Л. выкарыстоўваўся разам з новымі зямельнымі мерамі, у т. л. дзесяцінай, у Рас. імперыі.
Літ.:
Dunin-Wąsowicz A. Pomiary gruntu w Koronie w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1994.
т. 9, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛУЧЫ́НКА»,
літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс для моладзі. Выдавалася ў 1914 у Мінску на бел. мове на 16 старонках. Рэдактар-выдавец А.Уласаў, літ. рэдактар Цётка (А.Пашкевіч). Мела асветніцка-краязнаўчы кірунак. Садзейнічала прапагандзе ідэі нац. асветніцтва, самаадукацыі, духоўнага і патрыят. выхавання бел. моладзі, пашырэнню яе кругагляду, абуджэнню нац. самасвядомасці. Змяшчала навук. публікацыі пісьменнікаў, дзеячаў культуры, журналістаў, студэнтаў па пытаннях гіст. і культ. спадчыны Беларусі, яе эканам. і геагр. становішча. Сярод праграмных (рэдакцыйных) публікацый верш Цёткі «Лучынка», артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Да школьнай моладзі», «Аб душы маладзёжы», нарысы «Шануйце роднае слова!», «Наша народная беларуская песня» і інш. Апублікавала навукова-пазнавальныя краязнаўчыя і прыродазнаўчыя артыкулы В.Ластоўскага (Власта) «Якога мы роду-племені», А.Паўловіча «Вадаспады», «Вулкан», М.Баброўскага (Л.Гмырака) «Сіла з народу», Цёткі (пад псеўд. Мацей Крапіўка) «Газа», «Гутаркі аб птушках», «Пералётныя птушкі», «Радый», У.Рышкевіча (пад крыптанімам В.Р-іч) «Аб той вадзе, што падае з неба», А.Балкоўскага (пад крыптанімам А.Бол-і) «Паветра», нарысы пра асновы эканомікі А.Смоліча (А.Жывіцы) «Даўнейшая натуральная гаспадарка і цяперашняе царства рубля», «Капітал», «Як цана робіцца і што яна азначае», успаміны Б.Тарашкевіча (Я.Тараса) пра У.Эпімах-Шыпілу і інш. На старонках «Л.» друкаваліся маст. творы Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Буйло, Я.Журбы, З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, Паўловіча, М.Арла, Ядвігіна Ш., А.Жыгалкі, В.Лявіцкай і інш. Планавала выданне перакладных твораў для дзяцей (выйшаў адзін зборнік апавяданняў у перакладзе з польск. мовы). Друкавала нар. песні, гульні, шарады. Рэкламавала бел. кнігі, перыяд. выданні. Выйшла 6 нумароў.
С.В.Говін.
т. 9, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)