БОКЛЬ ((Buckle) Генры Томас) (24.11.1821, Лі, графства Кент, Вялікабрытанія — 29.5.1862),

англійскі гісторык, сацыёлаг-пазітывіст. Прадстаўнік геагр. школы ў сацыялогіі. У асн. працы «Гісторыя цывілізацыі ў Англіі» (т. 1—2, 1857—61) крытыкаваў тэалагічную трактоўку гісторыі. Ставіў сваёй задачай адкрыць заканамернасці гіст. працэсу і паказаць іх дзеянне на прыкладзе шэрагу краін. Гал. фактарам гіст. развіцця лічыў разумовы прагрэс; асаблівасці гіст. развіцця розных народаў, тлумачыў уплывам геагр. асяроддзя, пераважна ландшафту.

Тв.:

Рус. пер. — Этюды. СПб., 1867;

Влияние женщин на успехи знания. 4 изд. СПб., 1900.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бокль Г. Т. 2/366

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАПАЛІ́ТЫКА,

канцэпцыя паліталогіі, паводле якой палітыка дзяржаў (у асн. знешняя) вызначаецца геагр. фактарамі (месцазнаходжаннем краіны, кліматам, прыроднымі рэсурсамі і інш.). У адзінстве з імі аналізуе таксама гіст., паліт. і інш. ўзаемадзейныя фактары (эканам. актыўнасць насельніцтва, яго сац. і паліт. культуру і інш.), што ўплываюць на стратэгічны патэнцыял дзяржавы, вызначаюць яе нац. палітыку. Разглядаецца як адно з фундаментальных паняццяў тэорыі міжнар. зносін. Характарызуе ролю і формы ўплыву геапаліт. становішча дзяржаў і іх блокаў на міжнар. працэсы.

Вытокі геапалітыкі ў ант. навуцы: Парменід (6 ст. да н.э.) адзначаў уплыў тэмпературных паясоў на жыццядзейнасць і норавы народаў. Арыстоцель даў геапаліт. ацэнку Крыта як астраўной краіны, Страбон узвысіў геаграфію да першапрычыны быцця дзяржаў. У 16—18 ст. прадстаўнікі геагр. дэтэрмінізму сцвярджалі ідэю аб’ектыўнага, зямнога фарміравання грамадства і яго інстытутаў пад уплывам геагр. умоў (Ш.​Л.​Мантэск’ё, А.Р.​Ж.​Цюрго і інш.). У 19 ст. К.​Рыхтэр, Г.​Т.​Бокль, В.​Кузэн, Ж.​Э.​Рэнан, І.​Тэн, І.​І.​Мечнікаў даследавалі ўплыў фактараў геагр. асяроддзя на грамадскія з’явы і працэсы. Станаўленню паліт. геаграфіі спрыялі працы Ф.​Ратцэля ў пач. 20 ст. Значэнне геагр. фактараў у ваенна-паліт. працэсах выявілася ў час 1-й сусв. вайны. Тады Р.​Чэлен (Швецыя) прапанаваў тэрмін геапалітыкі для апісання дзяржавы як арганізма, што імкнецца да расшырэння зоны існавання. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі канцэпцыя геапалітыкі пашырылася ў Германіі (К.​Гаўсгофер). Для абгрунтавання захопніцкай палітыкі ням. фашызм выкарыстоўваў паняцці «нац. межы» і «жыццёвая прастора нацыі». У пасляваенныя часы, асабліва ў перыяд «халоднай вайны», геапаліт. інтарэсы звышдзяржаў асацыіраваліся з дзейнасцю ваен. блокаў.

Геапалітычнае становішча Беларусі вызначаецца яе размяшчэннем у цэнтры Еўропы на шляхах зносін паміж У і З.

Н.​П.​Баранаў.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)