БО́ГІНА,

вёска ў Беларусі, у Далёцкім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 35 км на ПдЗ ад Браслава, 273 км ад Віцебска, 67 км ад чыг. ст. Друя. 387 ж., 153 двары (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — курганны могільнік 8—11 ст.

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1514 як уладанне роду Геталтаў. Пазней належала Кімбарам, Бенетам, Цеханавецкім, Манузі, Плятэрам. У 1738 у Богіне 5 гаспадарак, 10 валок зямлі. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не Вілейскай, з 1944 — Полацкай, з 1954 — Маладзечанскай абл.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Богіна, у Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 28 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 13,2 км², даўж. 9,1 км, найб. шыр. 2,9 км, найб. глыб. 15 м, даўж. берагавой лініі 32,2 км. Пл. вадазабору 914 км².

Схілы катлавіны выш. да 6 м, пераважна спадзістыя, паўн. выш. да 12 м, стромкія, месцамі разараныя. Да ўсх. берага прылягае маляўнічы лясны масіў Бяльмонт. Берагі нізкія, пясчаныя, паўд. і паўд.-зах. забалочаныя; паўн.-зах. і паўн. зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе да глыб. 2 м пясчанае і пясчана-жвіровае, глыбей — сапрапель і глей. 8 астравоў агульнай пл. 32,5 га, 2 з іх (Гарадзішча і Церанцейка) — помнікі прыроды. Каля берагоў і астравоў зарастае аерам, хвашчом, трыснягом, чаротам, гарлачыкамі. Праз возера цячэ р. Дрысвята, пры яе ўпадзенні пабудавана ГЭС. На ўсх. беразе сажалкавая гаспадарка па развядзенні малявак сазана, карпа, белага амура, таўсталобіка. Месца адпачынку і турызму. На сажалках каля в. Чарніцы адзначана гнездаванне рэдкай для Беларусі птушкі — паганкі малой, занесенай у Чырв. Кнігу.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ

(ГЭС),

электрастанцыя, якая выпрацоўвае эл. энергію за кошт ператварэння мех. энергіі патоку вады. Складаецца з гідратэхн. збудаванняў (будынкі ГЭС, напорныя басейны, плаціны, дамбы, вадаводы, вадаскіды, шлюзы і інш., якія забяспечваюць стварэнне напору, канцэнтрацыю вадзянога патоку і яго адвод) і энергет. абсталявання (гідраўлічныя турбіны, што прыводзяцца ў рух патокам вады, і гідрагенератары, якія верцяцца гідратурбінамі і выпрацоўваюць эл. ток напружаннем каля 6—16 кв). Гідраагрэгаты, дапаможнае абсталяванне, прылады кіравання і кантролю размяшчаюцца ў машыннай зале будынка ГЭС. Трансфарматарная падстанцыя, якая з дапамогай сілавых трансфарматараў павышае генератарнае напружанне да 110, 220, 330, 750 кВ і болей, размяшчаецца ў будынку станцыі, у асобным будынку або на адкрытай пляцоўцы; размеркавальнае ўстройства, да якога падключаюцца лініі электраперадачы — звычайна каля будынка ГЭС.

Паводле напору ГЭС падзяляюцца на высоканапорныя (больш за 60 м, абсталёўваюцца каўшовымі і радыяльна-восевымі турбінамі), сярэдненапорныя (ад 60 да 25 м, з паваротна-лопасцевымі і радыяльна-восевымі турбінамі) і нізканапорныя (да 25 м, з паваротна-лопасцевымі, часам гарыз. турбінамі ў капсулах або адкрытых камерах). У залежнасці ад асаблівасцей выканання гідратэхнічных збудаванняў адрозніваюць ГЭС: рэчышчавыя (будуюцца ў асн. у межах рачнога рэчышча, будынак станцыі ўваходзіць у склад водападпорных збудаванняў, напор звычайна да 30 м), прыплацінныя (напор ад 30 да 200 м ствараецца землянымі, бетоннымі, каменнымі плацінамі, будынак станцыі размешчаны за плацінай), дэрывацыйныя (будуюцца пераважна на горных рэках, сярэдняга і высокага напору, які ствараецца з дапамогай абвадных каналаў, тунэляў або трубаправодаў), сумешчаныя (будынак станцыі размяшчаецца ў целе плаціны і адначасова выконвае функцыю вадаскіднага збудавання). Існуюць таксама гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. Асобныя ГЭС або іх каскады звычайна працуюць у электраэнергетычнай сістэме сумесна з кандэнсацыйнымі, газатурбіннымі, атамнымі электрастанцыямі, цеплаэлектрацэнтралямі: У залежнасці ад характару ўдзелу ў пакрыцці графіка нагрузак ГЭС бываюць базісныя, паўпікавыя і пікавыя, выкарыстоўваюцца таксама для генерыравання рэактыўнай энергіі. Сабекошт электраэнергіі і эксплуатацыйныя расходы ГЭС меншыя, а працягласць і кошт буд-ва — большыя, чым цеплавых. Першыя ГЭС магутнасцю ў некалькі соцень ват пабудаваны ў 1876—81 у Германіі і Вялікабрытаніі. У Расіі першая прамысл. ГЭС (каля 300 кВт) пабудавана ў 1895—96. Самая буйная ГЭС з пабудаваных у СССР — Саяна-Шушанская (на р. Енісей, 6400 МВт). Найб. агульную магутнасць маюць ГЭС (млн. кВт): ЗША (89), краін СНД (64), Канады (57), Бразіліі (42), Японіі (37).

На Беларусі гідраэнергет. рэсурсы невялікія (гл. Гідраэнергетыка). У 1940—50-я г. пабудавана 179 невял. ГЭС агульнай магутнасцю каля 20 тыс. кВт. Найб. значныя з іх Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт) і Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт). З развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы большасць малых ГЭС была закансервавана. У 1992—94 адноўлены Дабрамысленская, Ганалес, Богіна, Жамыслаўская, Клясціцкая, Вайтаўшчызненская, Лахазвінская ГЭС агульнай магутнасцю каля 2 МВт. Амаль усе ГЭС — прыплацінныя з напорнымі будынкамі.

Літ.:

Цветков Е.В., Алябышева Т.М., Парфенов Л.Г. Оптимальные режимы гидроэлектростанций в энергетических системах. М., 1984;

Гидроэлектрические станции. 3 изд. М., 1987.

Я.П.Забела.

т. 5, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)