Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЛІЯ́ЦЫЯ (ад англ. affiliate далучаць, звязваць),
1) імкненне чалавека да аб’яднання, знаходжання ў супольнасці з інш. людзьмі. Тэндэнцыя да афіліяцыі ўзрастае ў выпадку ўцягнення суб’екта ў патэнцыяльна небяспечную, стрэсавую (гл.Стрэс) сітуацыю. Блізкасць да інш. людзей зніжае трывогу, змякчае фізіял. і псіхал. стрэсы. Блакіраванне афіліяцыі выклікае пачуццё адзіноты, адчужанасці, параджае фрустрацыю.
2) Прыём у члены; далучэнне ў якасці аддзялення, філіяла і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТ (ад лац. contactus дакрананне),
1) судакрананне, непасрэдная блізкасць да месца знаходжання чаго-н. ці каго-н.
2) Сувязь, узаемадзеянне, узгодненасць у рабоце; узаемаразуменне.
3) Паверхня, месца, зона судакранання чаго-н.
4) Судакрананне, злучэнне чаго-н. Напр., К. электрычны — злучэнне 2 праваднікоў, пры якім эл. ток можа ісці ад аднаго правадніка да другога; паверхня судакранання праваднікоў току ці прыстасаванне, якое забяспечвае такое злучэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЛАРА́ЦЫЯ [ад дэ... + лац. flos (floris) кветка, маладосць, дзявоцкасць],
парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы. Звычайна бывае пры першых палавых зносінах. Суправаджаецца нязначным крывацёкам, хоць нярэдкія выпадкі, калі яго няма. Прыблізна праз 3—5 дзён пасля Д. краі парушанай дзявоцкай плявы загойваюцца і палавая блізкасць не выклікае болевых адчуванняў. Іншы раз, у залежнасці ад анат. будовы, дзявоцкая плява расцягваецца і застаецца непашкоджанай пасля неаднаразовых палавых актаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́КСЛІ, Хакслі (Huxley) Томас Генры (4.5.1825, г. Ілінг, каля Лондана — 29.6.1895), англійскі біёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1864). Па адукацыі ўрач. Паплечнік Ч.Дарвіна і прапагандыст яго вучэння. Праф. Каралеўскай горнай школы (1854—95), сакратар (1871—80) і прэзідэнт (1883—85) Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па заалогіі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, антрапалогіі і эвалюцыйнай тэорыі. Распрацоўваў таксама пытанні геалогіі. Параўнальна-анатамічнымі даследаваннямі даказаў марфал.блізкасць чалавека і вышэйшых малпаў, птушак і паўзуноў, медуз і паліпаў. Развіў і абгрунтаваў палажэнне пра адзінства будовы чэрапа пазваночных жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРА́КЦЫЯ,
паняцце, якое абазначае пачуццё прыхільнасці аднаго чалавека да другога. Фарміруецца ў суб’екта як вынік яго спецыфічных эмацыянальных адносін, ацэнка якіх параджае разнастайную гаму пачуццяў (ад непрыязнасці да сімпатыі і нават любові) і праяўляецца ў выглядзе асаблівай сац. устаноўкі на другога чалавека. У эксперыментальных даследаваннях вывучаюцца механізмы фарміравання прыхільнасцяў і сяброўскіх пачуццяў (гл.Дружба, Любоў) пры ўспрыманні інш. чалавека, прычыны з’яўлення станоўчых эмацыянальных адносін, у прыватнасці, роля падабенства характарыстык суб’екта і аб’екта ўспрымання, а таксама той сітуацыі, у якой яны знаходзяцца (напр., блізкасць партнёраў па адносінах, частата іх сустрэч, сумесная дзейнасць і гэтак далей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШ Алена Андрэеўна (1896, в. Лен ша Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1949),
бел.нар. мастачка. Рабіла маляваныя дываны з казачна-экзатычнымі сюжэтамі («Ліст да каханага», «Дзева на водах», «Рай», «У райскім садзе» і інш.), адметныя кампазіцыйным майстэрствам, своеасаблівым бачаннем і унікальнай вобразнасцю; у іх яскрава выявіўся наіўна-рэаліст. характар творчасці мастачкі. Блізкасць да традыцый мясц.нар. размалёўкі выявілася ў дэкаратыўнасці прапрацаваных дэталяў, лакальнасці колераў, шырокім выкарыстанні расл. элементаў, акаймоўцы дываноў. Іл.гл. таксама да арт.Дываны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт.вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст.вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЫ́НІН Пётр Андрэевіч (12.7.1909, г. Варонеж, Расія — 22.1.1983),
рускі паэт, перакладчык. Працаваў у газетах Сібіры і Поўначы. Друкаваўся з 1928. Аўтар аўтабіягр. паэм «Пачатак дня» (1958), «Добры бераг», «Першае лета» (абедзве 1961), «Ланцуг Праметэя», «Апошняе лета» (абедзве 1965); кніг паэзіі «Блізкасць неба» (1962), «У складаным і простым» (1968). На рус. мову пераклаў асобныя вершы, урыўкі з паэм «Адплата», «Новая зямля» (раздзел «Дзядзька ў Вільні»), «Рыбакова хата» (главы «У панскай няволі», «Вызваленне»; з С.Гарадзецкім) Я.Коласа, вершы Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, М.Лужаніна. Перакладаў з укр., серб. і інш. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЗЕР (Moser) Лукас (каля 1390, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),
нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтара св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.
Я.Ф.Шунейка.
Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.