ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],

старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,

уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІ... (ад лац. quasi быццам бы, нібыта), першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «несапраўдны», «уяўны» (напр., квазінавуковы, квазідэмакратычны), а таксама амаль, блізка (напр., квазіоптыка, квазічасціцы).

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЁН (лацінскае Orion),

экватарыяльнае сузор’е з найбольш яркімі зоркамі Рыгель, Бетэльгейзе, Белатрыкс. Тры блізка размешчаныя зоркі 2-й зорнай велічыні ўтвараюць «пояс Арыёна», ніжэй за які знаходзіцца Арыёна вялікая туманнасць. На тэрыторыі Беларусі сузор’е бачна ўвосень і зімою (гл. Зорнае неба).

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ ПРАХО́Д,

скразное глыбокае паніжэнне ў горным хрыбце, радзей паміж блізка размешчанымі хрыбтамі. Шырыня звычайна некалькі кіламетраў, часам некалькі соцень метраў. Часта мае важнае трансп. ці стратэгічнае значэнне (напр., Кілікійскія Вароты ў гарах Таўр у Турцыі, Джунгарскія Вароты паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау і Барлык у Казахстане). Гл. таксама Перавал.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРУПО́ЛЬ (ад лац. quadrum чатырохвугольнік + полюс),

сістэма з 4 эл. зарадаў, якая складаецца з 2 блізка размешчаных дыполяў, эл. моманты якіх роўныя па модулі і процілеглыя па арыентацыі. Патэнцыял К. на вял. адлегласцях r змяняецца як 1/r3. Пры змене значэння зарадаў ці адлегласці паміж імі К. выпрамяняе эл.-магн. хвалі.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНІ́СК (ад грэч. mēniskos паўмесяц),

1) скрыўленая паверхня вадкасці ўнутры вузкай (капілярнай) трубкі або паміж дзвюма блізка размешчанымі цвёрдымі сценкамі. Вадкасць, якая змочвае сценкі (напр., вада—шкло), утварае увагнуты М., а вадкасць, якая не змочвае сценкі (напр., ртуць—шкло), — выпуклы М.

2) Лінза, абмежаваная дзвюма сферычнымі паверхнямі, якія маюць аднолькавы напрамак крывізны. М. змяншае аберацыі аптычных сістэм (гл. Меніскавыя сістэмы).

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛО́ІДНАЯ РА́СА,

група антрапалагічных тыпаў карэннага насельніцтва Аўстраліі, Паўд. Азіі і Акіяніі, якія маюць агульнае паходжанне і пэўнае марфалагічнае падабенства. У прадстаўнікоў расы буры колер скуры, цёмныя хвалістыя валасы, развітое трацічнае валасяное покрыва, цёмныя вочы, шырокі нос, тоўстыя губы, чэрап прадаўгаваты, вузкі, памеры твару сярэднія з добра развітымі надброўнымі дугамі, рост высокі. Блізка да іх стаяць веды Цэйлона і негроіды Паўд.-Усх. Азіі.

Літ.:

Алексеев В.П. География человеческих рас. М., 1974.

А.​І.​Мікуліч.

Да арт. Аўстралоідная раса. Аўстралійцы.

т. 2, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬТ КІРАВА́ННЯ (ням. Pult ад лац. pulpitum памост, трыбуна),

прыстасаванне з размешчанымі на яго пярэдніх частках (панэлях) сродкамі адлюстравання інфармацыі і органамі кіравання; элемент сістэмы кіравання. З іх дапамогай аператар уздзейнічае на кіравальныя аб’екты (працэсы), іх якасныя і колькасныя характарыстыкі. П.к. бываюць у выглядзе стала, калонкі, стэнда і інш., таксама мясцовыя (непасрэдна на аб’екце ці блізка ад яго) і дыстанцыйныя. Пры праектаванні П.к. ўлічваюцца рэкамендацыі інжынернай псіхалогіі па кампаноўцы асн. прылад, органаў кіравання і рабочага месца аператара.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАК ((Buck) Перл) (26.6.1892, г. Хілсбара, штат Зах. Віргінія, ЗША — 6.3.1973),

амерыканская пісьменніца. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1951). Аўтар раманаў пра Кітай: «Усходні вецер, заходні вецер» (1930), «Зямля» (1931, Пулітцэраўская прэмія; бел. пер. 1937), «Сыны» (1932), «Маці» (1934), «Дом, які распадаецца» (1935). Пад псеўд. І.​Седж публікавала сац.-бытавыя і «сямейныя» раманы з амер. жыцця: «Партрэт аднаго шлюбу» (1945), «Родзічы» (1949) і інш. Выступала за раўнапраўе неграў, супраць каланіялізму, папярэджвала пра небяспеку атамнай вайны (раман «Загадай раніцы», 1959). Аўтар зб-каў апавяданняў («Далёка і блізка», 1948, і інш.), кн. для дзяцей, мемуараў («Некалькі маіх светаў», 1954). Нобелеўская прэмія 1938.

П.Бак.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)