БЛЮ́МКІН (Якаў Рыгоравіч) (1898, Адэса — 3.11.1929),

рэвалюцыянер, сав. ваенны дзеяч. Скончыў 4-класную яўр. школу ў Магілёве. З 1914 чл. партыі эсэраў, з 1917 — левых эсэраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік ВЧК. Праціўнік Брэсцкага міру 1918, адзін з ініцыятараў і непасрэдны ўдзельнік забойства 6.7.1918 герм. пасла В.​Мірбаха, што з’явілася пачаткам леваэсэраўскай спробы дзярж. перавароту. Пасля яе задушэння хаваўся на Украіне, удзельнічаў у падп. барацьбе супраць герм. акупантаў і пятлюраўцаў. 16.5.1919 атрымаў амністыю Прэзідыума ВЦВК. З 1919 на Паўд. фронце (нач. штаба і в.а. камандзіра 79-й брыгады) і ў складзе Каспійскай флатыліі. З 1920 чл. РКП(б). У 1920—21 на спец. курсах у Ваен. акадэміі РСЧА, у сакратарыяце Л.Д.Троцкага. Выконваў спец. заданні АДПУ за мяжой. У крас. 1929 тайна сустракаўся ў Турцыі з высланым з СССР Троцкім і абяцаў яму дапамогу, за што арыштаваны і па прыгаворы судовай калегіі АДПУ расстраляны.

Літ.:

Красная книга ВЧК. 2 изд. М., 1990. Т. 1. С. 310;

Троцкий Л. Портреты революционеров. М., 1991;

Овруцкий Л., Разгон А. Яков Блюмкин: Из жизни террориста // Горизонт. 1991. № 11—12.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАЛО́ГІЯ (ад гіста... + ...логія),

навука, якая вывучае заканамернасці развіцця, будову і жыццядзейнасць тканак і органаў жывёл і чалавека. Даследуе комплексы клетак, што ўваходзяць у склад тканкі, у іх узаемадзеянні паміж сабой і з прамежкавымі асяроддзямі. Як частка марфалогіі гісталогія цесна звязана з эмбрыялогіяй (гістагенез), цыталогіяй, фізіялогіяй (гістафізіялогія), біяхіміяй (гістахімія). Падзяляецца на агульную (вывучае тканкі) і прыватную (вывучае мікраскапічную будову асобных органаў і сістэм арганізма).

Развіццё гісталогіі як самаст. навукі звязана з узнікненнем мікраскапіі (італьян. вучоны Г.​Галілей, 1610, англ. Р.​Гук, 1665, галанд. А.​Левенгук, 1695), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. вучоны Т.​Шван, 1839) і класіфікацыі тканак (ням. вучоныя Р.​А.​Кёлікер, 1852, і Ф.​Ляйдыг, 1857). Тэрмін «гісталогія» ўвёў ням. анатам К.​Маер (1819). У Расіі адным з першых гістолагаў быў А.​М.​Шумлянскі, які ў 1752 апісаў будову нырак. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пытанні гісталогіі нерв. сістэмы высвятлялі А.​І.​Бабухін, М.​Д.​Лаўдоўскі, А.​С.​Догель, П.​І.​Перамежка і інш. Была створана эвалюцыйная гісталогія (школы А.​А.​Заварзіна і М.​Р.​Хлопіна), нейрагісталогія (Б.​І.​Лаўрэнцьеў, М.​А.​Міслаўскі і інш.).

На Беларусі развіццё гісталогіі звязана з арганізацыяй кафедры гісталогіі ў БДУ (з 1921). Даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах, Ін-це фізіялогіі Нац. АН. У 1920—60-я г. вывучаліся будова і развіццё клетачнага ядра, узаемасувязі морфадынамічных сістэм, што забяспечваюць раздражняльнасць клеткі, абмен рэчываў і энергіі, рост, размнажэнне і палавы працэс (П.А.Маўрадыядзі), працэсы неўратызацыі ўнутр. органаў чалавека і жывёл (П.Я.Герке), інервацыя серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.​Н.​Блюмкін). У 1960—90-я г. даследаваліся марфал. асновы кампенсатарна-прыстасавальных рэакцый у нерв. сістэме, структура нейрасакрэтарных клетак гіпаталамуса (С.М.Мілянкоў), фарміраванне і будова нервовамышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.​Я.​Карытны), органы імуннай сістэмы (А.​Ф.​Суханаў) і скуры (А.​Д.​Мядзелец). З 1970-х г. вывучаецца эмбрыянальны морфагенез органаў розных сістэм арганізма, узаемасувязі развіцця ўнутр. органаў і рэгулявальных сістэм (А.А.Арцішэўскі, Я.І.Бальшова, Н.А.Жарыкава, А.С.Леанцюк, Т.​М.​Малярэвіч, І.​А.​Мельнікаў і інш.). Распрацаваны метады інфармацыйнага, карэляцыйнага, фрактальнага аналізу біял. сістэм (Леанцюк). Вывучаецца нейрагумаральная рэгуляцыя структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз (А.А.Турэўскі), мышцаў і клетак крыві (Т.​Г.​Мацюхіна), гісталогія нерв. сістэмы (А.П.Амвросьеў, Л.​І.​Арчакова, Д.М.Голуб, У.М.Калюноў, Ф.Б.Хейнман і інш.).

Літ.:

Гистология. 4 изд. М., 1989;

Голуб Д.М. Очерки развития морфологии в БССР // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)