БЛЕ́НДА ў оптыцы, прыстасаванне для засцярогі аб’ектываў фота- і кіназдымачных апаратаў ад бакавых прамянёў святла. Мае выгляд ссечаных конуса або піраміды, надзяваецца вузкім канцом на аб’ектыў. Бленда ахоўвае святлоадчувальны матэрыял ад непажаданага засвечвання, якое змяншае кантраст відарыса і ўтварае блікі. Памеры бленды выбіраюць так, каб праз яе без перашкод праходзілі прамяні святла, што ўтвараюць відарыс; унутр. паверхню бленды фарбуюць чорнай матавай фарбай.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́НДА

(ням. Blende) у архітэктуры, ніша ў сцяне, якая імітуе аконны праём. Часам мае абрамленне ў выглядзе ліштваў, архівольтаў, завяршаецца франтонамі, сандрыкамі і інш. элементамі аздобы. Выкарыстоўваецца для стварэння рытмічнасці фасада будынка з рэгулярнай сеткай аконных праёмаў; у месцах, дзе вокны неабавязковыя, яны замяняліся бленадмі. На Беларусі вядомыя ў архітэктуры готыкі і рэнесансу (касцёл у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на),

барока і класіцызму (палац у Нясвіжы, Мікалаеўская царква ў Магілёве і інш.), несапраўднай готыкі (касцёл у в. Гервяты Астравецкага р-на), у жылой забудове 19 — пач. 20 ст. (дом па вул. Старавіленскай і Траецкім прадмесці ў Мінску).

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ МА́РКАЎ (ТРО́ІЦКІ) МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1633—1918 у Віцебску, на правым беразе Зах. Дзвіны. Засн. аршанскім цівуном Л.С.Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С.Мірскім. У 1638 фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне (дзе ў 16 ст. нейкі Марк пабудаваў царкву, адсюль назва) і фальварак Шыдлоўшчыну. У 18 ст. меў шэраг вёсак і юрыдыкі ў Віцебску. У 1751 зроблена няўдалая спроба павярнуць манастыр да уніяцтва. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1773 прылічаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 меў ранг архімандрыт да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр. У 1842 залічаны да манастыроў 1-га класа, мог мець 20 манахаў, атрымліваў ад дзяржавы 3185 рублёў серабром, маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзес. зямлі). Меў майстэрні, пач. школу для слабадскіх дзяцей. Пасля закрыцця манастыра будынкі [акрамя Пакроўскай (зараз вядома як Казанская) царквы] знесены.

Царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Пабудаваны з цэглы да 1752 як Пакроўская царква. У 1847 да яе з захаду прыбудавана Мітрафанаўская царква. Першапачаткова храм быў крыжова-купальны. Да асн. кубападобнага аб’ёму з трыма паўкруглымі апсідамі далучаны развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя фасады царквы і прытвора завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. На цэнтр. апсідзе размешчана ляпная дэкар. рама-бленда.

А.А.Ярашэвіч.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)