КАРТ-БЛА́НШ (франц. carte blanche літар. чысты ліст),
чысты бланк пэўнага дакумента, падпісаны асобай, якая дае інш. асобе права запоўніць гэты бланк тэкстам. У пераносным сэнсе — прадаставіць каму-н. неабмежаваныя паўнамоцтвы, поўную свабоду дзеянняў.
т. 8, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАЛЯ́ЕВА (Святлана Уладзіміраўна) (н. 18.4.1937, Масква),
расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыла Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1958). З 1959 у Маскоўскім т-ры імя У.Маякоўскага. Талент Н. выявіўся ў лірыка-драм., камедыйных і вострахарактарных ролях: Ганна Паўлаўна Звяздзінцава («Плады асветы» Л.Талстога), Серафіма Карзухіна («Бег» М.Булгакава), лэдзі Габулеці і Эмі («Чума на абедзве вашыя хаты» і «Кін IV» Р.Горына), Бланш Дзюбуа («Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса), лэдзі Кіці («Кола» С.Моэма), Моніка («Кветка, якая смяецца» Н.Коўарда; антрэпрыза М.Казакова) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: «Яўген Анегін» (1958), «Такое кароткае доўгае жыццё» (1975), «Службовы раман» (1977), «Партрэт з дажджом» (1978), «Гараж» (1980), «Каранцін» (1983), «Апошні крок» (1985), «Горка!» (1998) і інш.
т. 11, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ (Leigh) Віўен [сапр. Хартлі
(Hartley) Вівіян Мэры; 5.11.1913, г. Дарджылінг, Індыя — 8.7.1967], англійская актрыса тэатра і кіно. Вучылася ў Парыжы і Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва ў Лондане. У 1935 дэбютавала ў лонданскім т-ры «К’ю». Выступала ў «Олд Вік» і інш. т-рах Лондана. Сярод роляў: Тытанія, Віёла, лэдзі Макбет, Лавінія («Сон у летнюю ноч», «Дванаццатая ноч», «Макбет», «Ціт Андронік» У.Шэкспіра),
Джэніфер Дзюбеда («Дылема доктара» Б.Шоу), Сабіна («На валаску ад гібелі» Т.Уайлдэра), Антыгона («Антыгона» Ж.Ануя) і інш. З 1934 здымалася ў кіно. Лепшыя ролі: Скарлет О’Хара («Унесеныя ветрам», 1939, прэмія «Оскар»), Майра («Мост Ватэрлоо», 1940), лэдзі Гамільтан («Лэдзі Гамільтан, 1941), Ганна («Ганна Карэніна», 1948), Бланш Дзюбуа («Трамвай «Жаданне», 1951, прэмія «Оскар»), Мэры Трэдвел («Карабель дурняў», 1964). Стварала складаныя, супярэчлівыя характары, якія раскрываліся ў драм. сутыкненнях з жорсткай рэчаіснасцю.
Літ.:
Утилов В.А. Вивьен Ли. М., 1980.
т. 9, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАГО́Н ((Aragon) Луі) (3.10.1897, Парыж — 24.12.1982),
французскі пісьменнік, паліт. дзеяч. Чл. Ганкураўскай акадэміі. Ганаровы д-р Маскоўскага і Пражскага ун-таў (1966). З 1915 вучыўся на мед. ф-це ў Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны, грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—39, у 2-ю сусв. вайну — франц. Руху Супраціўлення. Раннія творы напісаны ў духу дадаізму (зб. вершаў «Феерверк», 1920; раман «Анісе, ці Панарама», 1921) і сюррэалізму (раман «Парыжскі селянін», 1926). На пачатку 1930-х г. перайшоў на пазіцыі рэалізму: зб-кі вершаў «Ура, Урал!» (1934), «Нож у сэрца» (1941), «Вочы Эльзы» (1942), цыкл раманаў «Рэальны свет» (1934—51), раман-эпапея «Камуністы» (т. 1—6, 1949—51, апошняя рэд. 1967—68), гіст. раман «Перадвелікодны тыдзень» (1958). Эпічны размах у спалучэнні з лірычнасцю і філас. роздумам характэрныя для раманаў «Пагібель усур’ёз» (1965), «Бланш, ці Забыццё» (1967), «Тэатр-раман» (1974). Апавяданні розных гадоў склалі зб. «Салгаць — праўду сказаць» (1980). У кн. «Савецкія літаратуры» (1955) Арагон уключыў раздзел пра бел. л-ру. Пераклаў на франц. мову вершы «А хто там ідзе?», «Я не паэта», урыўкі з паэмы «Над ракою Арэсай» Я.Купалы, верш П.Броўкі. Творы Арагона на бел. мову перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, З.Колас, С.Ліхадзіеўскі, Н.Мацяш.
Тв.:
Choix de poèmes. Moscou, 1959;
Бел. пер. — Базельскія званы. Мн., 1937;
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—11. М., 1957—61;
Поэзия. М., 1980.
Літ.:
Балашова Т.В. Творчество Арагона. М., 1964.
т. 1, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)