БЛАН ((Blanc) Жан Жазеф Луі) (29.10.1811, Мадрыд — 6.12.1882),
французскі сацыяліст-утапіст, гісторык, журналіст. У сваіх поглядах абапіраўся на ідэі Сен-Сімона і Ш.Фур’е. У кн. «Арганізацыя працы» (1839) выклаў план сац. пераўтварэння грамадства. Пасля лют. рэвалюцыі 1848 увайшоў у часовы ўрад. Быў абвінавачаны ва ўдзеле ў Чэрвеньскім паўстанні 1848, да 1870 у эміграцыі. З 1871 чл. Нац. сходу. У час Парыжскай камуны (1871) на баку Версаля. Аўтар прац «Гісторыя дзесяці гадоў» (1841—44), «Гісторыя рэвалюцыі 1848» (1870).
т. 3, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮРСА́ ((Lurçat) Андрэ) (27.8.1894, г. Бруер, Францыя — 12.7.1970),
французскі архітэктар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Нансі і Парыжы. Чл. Акадэміі архітэктуры ў Парыжы (1939). Практык і тэарэтык рацыяналізму. Яго работы вылучаюцца выразнай планіроўкай, гарманічнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй: у прадмесцях Парыжа — школьны комплекс імя К.Маркса (1931—33), рэканструкцыя раёна Сен-Дэні (1946—62), жылы комплекс у Блан-Меніле (1950—67) і інш. У 1934—37 працаваў у СССР (неажыццёўленыя праекты бальнічных комплексаў для Масквы, Смаленска, Ніжняга Ноўгарада).
т. 9, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ.
сацыял-дэмакратызм, сукупнасць уяўленняў, поглядаў і дзеянняў, скіраваных на пабудову сацыяльна арыентаванага дэмакр. грамадства; плынь у міжнар. рабочым руху. Паводле прынятай у паліталогіі класіфікацыі належыць да левага кірунку (левага паліт. спектра). Для С.-д. характэрны: арыентацыя пераважна або выключна на эвалюц. формы грамадскага развіцця, на паступовае і мірнае пераўтварэнне капіталізму ў сацыялізм шляхам рэформ (гл. Рэфармізм), на супрацоўніцтва класаў грамадства і інш. Папярэднікамі ідэй С.-д. былі Ж.Ж.Л.Блан, П.Ж.Прудон. Негвалтоўныя метады С.-д. (кампраміс, пагадненне і інш.) вядомы з часоў дзейнасці Ф.Ласаля, пасібілістаў і інш. Развіццё ідэй С.-д. ішло ў бок трансфармацыі канцэпцый марксізму і камунізму. Аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ўзніклі Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі, Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя Швецыі і інш. У пач. 20 ст. засн. Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, у Расіі дзейнічалі меншавікі. У 1-ю сусв. вайну многія с.-д. партыі на хвалі патрыятызму падтрымлівалі ваен. палітыку ўрадаў сваіх краін. Сярод тэарэтыкаў С.-д. Э.Бернштэйн, К.Каўцкі, О.Баўэр, Ф.Адлер, Л.Мартаў, Л.Блюм, Э.Вандэрвельдэ і інш. (гл. таксама Апартунізм, Рэвізіянізм). Погляды С.-д. адстойвалі Бернскі інтэрнацыянал, «Інтэрнацыянал 2 1/2, Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал, Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі, а з 1951 — Сацыялістычны інтэрнацыянал. У ходзе эвалюцыі с.-д. руху дамінуючае становішча ў ім занялі цэнтрысты (гл. Цэнтрызм). На працягу 20 ст. с.-д. партыі неаднаразова ўзначальвалі ўладу ў шэрагу краін, асабліва ў скандынаўскіх. На тэр. Беларусі дзейнічалі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і інш., у 1990-я г. створаны Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сацыялістычная партыя і інш.
Літ.:
Самарская Е.А. Социал-демократия в начале века. М., 1994;
Миронов Д.А., Перцев А.В. Австромарксизм, позитивизм и рабочее движение. Свердловск, 1990;
Салычев С.С. В поисках «третьего пути»: Эволюция идеологии социал-демократии в современ. эпоху. М., 1988.
У.Я.Калаткоў.
т. 14, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)