Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. irrationalis неразумны),
1) філасофская плынь, якая абмяжоўвае або адмаўляе магчымасці розуму, мыслення ў працэсе пазнання, асновай пазнання прызнае інтуіцыю, пачуццё, інстынкт. І. не тоесны агнастыцызму, прадстаўнікі якога ў метадалагічным плане зыходзяць з прынцыповай немагчымасці пазнання свету. У вузкім сэнсе да І. адносяць філас. плыні 18—19 ст., якія выступалі антыподамі філасофіі эпохі Асветніцтва і Новага часу («філасофія пачуцця і веры» Ф.Г.Якобі, «філасофія адкрыцця» Ф.Шэлінга, валюнтарысцкія канцэпцыі А.Шапенгаўэра і Ф.Ніцшэ, тэалагічныя вучэнні С.К’еркегора, «філасофія бессвядомага» Э.Гартмана і інш.), а таксама канца 19—20 ст. («філасофія жыцця» В.Дзільтэя, «інтуітывізм» А.Бергсона, «філасофія існавання» М.Хайдэгера, неатамісцкія канцэпцыі Ж.Марытэна і Э.Жыльсона і інш.).
2) У этыцы І. — метадалагічны прынцып тлумачэння прыроды маральнасці, які аб’ядноўвае шэраг шкал (экзістэнцыялізм, неапратэстантызм, «гуманістычная» этыка, этыка самарэалізацыі і інш.). Лічыцца, што «сапраўдная» мараль, як і быццё чалавека ўвогуле, не паддаюцца ніякім вызначэнням і абагульненням, знаходзяцца па-за законамі прыроды і грамадства; у ёй чалавек сцвярджае сябе як абсалютна свабодная істота.
Літ.:
Исторические типы философии М., 1991;
Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990.
Т.І.Адула.
т. 7, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ЛЬ (франц. morale ад лац. moralis маральны, духоўны),
асаблівая форма грамадскай свядомасці і від грамадскіх адносін (маральныя адносіны); адзін з асн. спосабаў нарматыўнай рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве. Узнікла на ранніх ступенях развіцця чалавечага грамадства і выяўлялася ў розных маральных сістэмах, якія развіваліся і змянялі адна адну. Рэгулюе паводзіны чалавека ва ўсіх сферах яго грамадскага жыцця — у працы, побыце, палітыцы, навуцы, сям’і, унутрыгрупавых, міжнар. адносінах, а таксама яго адносіны з прыродай. Адлюстроўвае цэласную сістэму поглядаў на сац. жыццё, якая змяшчае разуменне сутнасці грамадства, гісторыі, чалавека і яго быцця. Уяўляе сабой усведамленне людзьмі грамадска неабходнага тыпу паводзін і іх рэалізацыю ў свабодных дзеяннях з апорай на ўласныя перакананні і грамадскую думку. Нормы М. пастаянна абнаўляюцца з улікам гіст. традыцый, духоўнай і нац.-культ. спадчыны, жаданняў людзей. У М. вял. роля належыць індывід. свядомасці (уласныя перакананні, матывы, самаацэнка), якія дазваляюць чалавеку кантраляваць свае дзеянні, самастойна вызначаць сваю лінію паводзін у грамадстве. У разнастайнасці грамадскай дзейнасці чалавека спецыфічна маральны бок паводзін можна адрозніць толькі паводле спосабу, якім рэгулююцца ўчынкі. Напр., эканам. рэгуляванне ажыццяўляецца праз матэрыяльныя інтарэсы людзей; ‘нормы права замацоўваюцца ў афіц. заканадаўстве; адм. формы кантролю здзяйсняюцца праз размеркаванне абавязкаў і афіц. паўнамоцтваў паміж асобамі; у паўсядзённым жыцці патрабаванні М. кантралююцца грамадскай думкай. Аўтарытэт чалавека ў пытаннях М. з’яўляецца духоўным аўтарытэтам і залежыць ад таго, наколькі правільна чалавек разумее сэнс маральных патрабаванняў і выконвае іх. Ён не звязаны з афіц. паўнамоцтвамі, рэальнай уладай або грамадскім становішчам. У адрозненне ад звычаяў, нормы М. набываюць сэнс агульначалавечых каштоўнасцей і прынцыпаў і падтрымліваюцца ў выніку заведзенага і агульнапрынятага парадку.
Літ.:
Мораль, сознание и поведение. М., 1986;
Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990;
Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;
Моральные ценности и личность. М., 1994.
В.В.Краснова.
т. 10, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)