БЕТАІ́НЫ, цвітэр-іоны,

унутраныя солі хім. злучэнняў, якія маюць карбаксільную групу (-COOH) і чацвярцічны атам азоту ці трацічныя атамы кіслароду і серы, напр. (CH3)3N+CH2COO​; біпалярныя іоны арган. злучэнняў. Нейтральныя малекулы, у якіх процілеглыя эл. зарады прасторава раз’яднаны. Існуюць у прыродзе як форма амінакіслот у крышталях і водных растворах, як прамежкавыя рэчывы азоцістага абмену многіх раслін і жывёл. Сінт. бетаіны — паверхневаактыўныя рэчывы; выкарыстоўваюцца як эмульгатары палімерызацыі, дыспергатары, антыстатыкі, змочвальнікі ў папяровай, гарбарнай, тэкст. і металаапр. прам-сці.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НІЕВЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні іоннага характару агульнай ф-лы [Rn+1Э]​+X, дзе Rарган. радыкал ці (і) атам вадароду, Э — элемент гал. падгрупы V—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, X — аніён (OH, NO3, Cl, Br і інш.), n — ніжэйшая ступень акіслення Э. Да О.з. адносяцца аксоніевыя (Э — кісларод), фасфоніевыя (Э — фосфар), сульфоніевыя (Э — сера), чацвярцічныя амонію злучэнні. Большасць О.з. — фізіялагічна актыўныя рэчывы, оніевыя структуры ўваходзяць у склад многіх прыродных і біялагічна актыўных рэчываў (напр., ацэтылхалін, бетаіны).

Стабільныя О.з. — цвёрдыя солепадобныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках (растворы электраправодныя). Найб. стабільныя аксоніевыя злучэнні [R3O]​+X і чацвярцічныя амоніевыя солі. О.З., што маюць радыкалы з доўгім аліфатычным ланцугом, з’яўляюцца паверхнева-актыўнымі рэчывамі. Іх выкарыстоўваюць як нейтральныя мылы, антыбактэрыяльныя і дэзінфекцыйныя сродкі ў вытв-сці касметыкі. Да О.з. адносяцца многія арган. фарбавальнікі.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)