БЕ́РКАЎ (Павел Навумавіч) (14.12.1896, г. Белгарад-Днястроўскі Адэскай вобл., Украіна — 9.8.1969),

рускі літаратуразнавец. Чл.-кар. АН СССР (1960). З 1936 праф. Ленінградскага ун-та. Даследаваў рус. л-ру 18—20 ст., узаемасувязі рус. і зарубежных л-р, гісторыю тэатра і журналістыкі 18 ст., кнігазнаўства, тэксталогію, тэхніку літ.-знаўчай работы, тэорыю і методыку бібліяграфіі. Навук. кіраўнік і адзін з рэдактараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69). Цэнтр. навук. бібліятэка імя Я.​Коласа АН Беларусі набыла кнігазбор Беркава.

Тв.:

Введение в технику литературоведческого исследования. Л., 1955;

Библиографическая эвристика. М., 1960;

Ф.​Скарына і пачатак усходнеславянскага вершаскладання // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Избранное: Тр. по книговедению и библиографоведению. М., 1978.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯФІ́ЛЬСТВА (ад грэч. biblion кніга + philia любоў, літар. любоў да кнігі),

збіранне і вывучэнне рэдкіх і каштоўных выданняў. Спрыяе стварэнню кнігазбору, зберажэнню рэдкіх выданняў, адметных якасцю друку, ілюстрацыямі, пераплётамі, аўтографамі іх уладальнікаў і інш.

Збіранне твораў пісьменства вядома са стараж. часоў на Усходзе, у Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднявеччы ў Зах. Еўропе былі прыватныя зборы рукапісных кніг. Пасля вынаходства кнігадрукавання (15 ст.) у калекцыях бібліяфілаў гал. месца займалі друкаваныя выданні. Найб. каштоўнасць маюць зборы стараж. рукапісаў, кнігі 16—17 ст., першыя выданні класікаў л-ры, творы, забароненыя цэнзурай, калекцыі, прысвечаныя асобным галінам ведаў. У Расіі бібліяфільства ўзнікла ў 16 ст. Вядомыя кнігазборы Сімяона Полацкага, Я.​Бруса, А.​І.​Мусіна-Пушкіна, Дз.​П.​Бутурліна, М.​П.​Румянцава, М.​П.​Ліхачова і інш. Выдаваліся спец. часопісы «Антиквар» (1902—03), «Русский библиофил» (1911—16), дзейнічалі «Рускае бібліялагічнае таварыства» (1899—1916), Рускае т-ва сяброў кнігі (1920—29, Масква), Т-ва бібліяфілаў (1923—31, Ленінград). У 1974 створана Усесаюзнае добраахвотнае т-ва аматараў кнігі. З 1992 дзейнічае Міжнар. т-ва кнігалюбаў.

На Беларусі бібліяфільства вядомае з 16 ст. Значныя прыватныя кнігазборы былі ў Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку (гл. Радзівілаў бібліятэка), Сапегаў у Слоніме, Ружанах, Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н, гл. Сапегаў бібліятэкі), Храптовічаў у Шчорсах (Навагрудскі р-н, гл. Храптовічаў бібліятэкі), Паскевічаў у Гомелі, Масальскіх у Белічанах, Оштарпаў у Дукоры, Юндзілаў у Івацэвічах, Тызенгаўзаў у Паставах. Каштоўныя кнігазборы мелі браты В. і К.​Каліноўскія, А.​К.​Ельскі, Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. У дзярж. кнігасховішчы Беларусі паступілі прыватныя кнігазборы вучоных Я.​Ф.​Карскага, М.​А.​Янчука, П.​Н.​Беркава, А.​Я.​Багдановіча. У 1926—29 дзейнічала Бел. т-ва бібліяфілаў, у 1974 створана Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі Беларусі, з 1991 Бел. т-ва «Кніга», якое выдае альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь».

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НАВУКО́ВАЯ імя Якуба Коласа АН Беларусі.

Засн. 16.2.1925 у Мінску пры Інбелкульце. З рэарганізацыяй Інбелкульта ў АН БССР (1.1.1929) увайшла ў яе склад. У Вял. Айч. вайну разрабавана ням.-фаш. захопнікамі, найб. каштоўная л-ра вывезена ў Германію. Адноўлена ў 1944. Імя Я.​Коласа прысвоена ў 1956. Да 1981 наз. Фундаментальная б-ка імя Я.​Коласа АН БССР. З’яўляецца галаўной у цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме АН, што аб’ядноўвае 27 б-к пры ін-тах акадэміі. Кніжны фонд — больш за 3 млн. экз. (на 1.1.1996). Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў зберагаюцца пергаменты 16 ст. на бел. мове, кітабы (тэксты на бел. мове арабскай графікай). Сярод старадрукаў кірылаўскага шрыфту «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1569) і «Біблія» (Астрог, 1580—81) І.​Фёдарава, кнігі з друкарні Мамонічаў у Вільні, «Евангелле» (1575), «Новы запавет з Псалтыром» (Еўе, 1611), «Дыёптра» (Магілёў, друкарня Вашчанкаў, 1699), 1-ы слав. слоўнік «Лексікон славянарускі» Памвы Бярынды (Куцейна, 1653), «Катэхізіс» Л.​Зізанія (Гродна, 1788). У калекцыі замежных выданняў 15—18 ст. кнігі з лепшых еўрап. друкарняў, у т. л. інкунабулы: «Сусветная хроніка» Х.​Шэдэля (Нюрнберг, 1493), «Жыццё і вучэнні людзей, якія праславіліся ў філасофіі, выкладзеныя ў дзесяці кнігах» Дыягена Лаэрцкага (Балоння, 1495) і інш. Сабраны бел. фалькл., этнагр. і краязнаўчыя зборнікі 19 ст.; выданні па гісторыі Беларусі рус. і польск. даследчыкаў, энцыклапедычная і даведачная л-ра, бел. кнігі і перыяд. выданні пач. 20 ст., калекцыя зах.-бел. друку. Асобнымі фондамі зберагаюцца б-ка А.​Я.​Багдановіча, П.​Н.​Беркава, П.​Ф.​Глебкі, П.​К.​Панамарэнкі, частка б-кі Радзівілаў; асабістыя архівы Я.​Брыля, М.​Гарэцкага, Ю.​Гаўрука, Глебкі, Я.​Драздовіча, У.​Дубоўкі, Л.​Геніюш, У.​Караткевіча, К.​Крапівы, І.​С.​Краўчанкі, М.​Лынькова, А.​Пальчэўскага, С.​П.​Сахарава, М.​М.​Улашчыка, Я.​Шутовіча і інш. Вядзе навук. і метадычную работу, выдае зборнікі прац па гісторыі кнігі, бібліяграфіі і бібліятэказнаўстве Беларусі, бібліягр. дапаможнікі, у т. л. па навуказнаўстве, гісторыі і інш.

Літ.:

Библиотечное дело и библиография в системе библиотек Академии наук БССР: [Сб. ст.]. Мн., 1976.

М.​П.​Стрыжонак.

Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.​Коласа АН Беларусі.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)