БЕ́РГМАН

(Bergman) Інгмар (н. 14.7.1918, г. Упсала, Швецыя),

шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. З 1942 працаваў у тэатры, ставіў п’есы У.Шэкспіра, Г.Ібсена, А.Стрындберга, А.Чэхава, сучасных драматургаў. Сусв. вядомасць набыў у кіно. У фільмах 1940-х г. («Крызіс», «Дождж над нашым каханнем», «Карабель ідзе ў Індыю», «Партовы горад», «Турма») стварыў вобразы людзей са зламанымі лёсамі, якія дарэмна шукаюць шчасця і цяпла ў абыякавым да іх грамадстве. У творчасці 1950-х г. маральныя і філас. праблемы сэнсу жыцця, сутыкнення паміж верай і нявер’ем («Усмешкі летняй ночы», «Сёмая пячатка», «Сунічная паляна», «Ля вытокаў жыцця», «Твар»). У фільмах 1960-х г. тэма пакутаў і зла, якое пануе ў свеце, паўстае асабліва рэзка, з мноствам жорсткіх падрабязнасцяў («Крыніца», «Як у люстэрку», «Прычасць», «Маўчанне»), Сярод найб. вядомых фільмаў 1970—80-х г. «Дотык», «Восеньская саната», «Фанні і Аляксандр». Многія фільмы Бергмана адзначаны на міжнар. кінафестывалях (у т. л. 3 прэміямі «Оскар»). Здымаў таксама дакумент. і тэлефільмы. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх стужак.

Літ.:

Бергман о Бергмане: Ингмар Бергман в театре и кино: Пер. с англ. и швед. М., 1985;

Bergom-Larsson M. Ingmar Bergman och den borgerliga ideologin. Stockholm, 1977.

Л.А.Сівалобчык.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАН

(Bergman) Інгрыд (29.8.1915, Стакгольм — 29.8.1982),

шведская актрыса. Вучылася ў школе пры Драм. т-ры ў Стакгольме. У кіно здымалася з 1934. Актрыса шматграннага таленту, разнастайных амплуа, пераймала ў сваёй творчасці розныя стылі і творчыя манеры, спецыфіку розных нац. школ. Сусв. прызнанне атрымала пасля здымак у стужках «Газавае святло» (1944, прэмія «Оскар»), «Анастасія» (1956, прэмія «Оскар»), «Зачараваны», «Дрэнная слава» ў ЗША; «Стромбалі, зямля божая» (1950), «Еўропа-51» (1951) у Італіі, «Алена і мужчыны» (1956) у Францыі, «Жоўты ролс-ройс» (1965), «Кветка кактуса» ў Вялікабрытаніі, а таксама ў фільмах «Сведэнх’ельмы» (1935), «Забойства ва Усходнім экспрэсе» (1975, прэмія «Оскар»), «Восеньская саната». Аўтар кн. «Мая гісторыя» (1980, з А.Бургес).

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАН Аляксандра Рыгораўна

(дзявочае Кучкоўская; парт. псеўд. Зіна, Стаха, Малеўская; н. 1.5.1906, Гродна),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, гісторык, публіцыст. Чл. КПЗБ з 1925. Працавала сакратаром падп. акр. к-таў КСМЗБ у Гродне, Вільні, Брэсце, Баранавічах, Беластоку. Дэлегат І з’езда КПЗБ (1928). З 1931 чл. Краявога Сакратарыята ДК КПЗБ. З 1934 у СССР. У 1935 рэпрэсіравана. З 1946 у Польшчы. Рэабілітавана ў 1956. Даследуе гісторыю КПЗБ, Бел. рэв. арг-цыі, Бел. сялянска-работніцкую грамаду, Бел. навук. т-ва ў Вільні, перыяд. друк. Аўтар манаграфій, артыкулаў, нарысаў пра дзеячаў КПЗБ і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, яўр. пісьменнікаў і журналістаў — ураджэнцаў Беларусі.

Тв.:

Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977;

Sprawy białoruskie w II Reczypospolitej. Warszawa, 1984;

Бел. пер. — Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс. Мн., 1996.

А.С.Ліс.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)