БЕ́РАСЦЕНЬ, берасцянік,

гліняная пасудзіна, абгорнутая бяростай у беларусаў. Берасцяная аплётка надавала трываласць і зніжала цеплаправоднасць глінянага посуду, прызначанага для захоўвання ці халоднага прыгатавання ежы. Рабілі таксама берасцяную аплётку пашкоджанага посуду (пасля гэтага яго ўжо не ставілі ў печ). Даўнасць і масавасць бытавання такога прыёму выклікалі пашырэнне назвы «берасцень» нават на посуд, пазбаўлены берасцяной аплёткі (пераважна гладышы). Берасцені найбольш пашыраны былі на Паазер’і; у наш час выйшлі з ужытку.

Я.​М.​Сахута.

Берасцені.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАСЦЕНЬ (Акім Іванавіч) (1877, г.п.Бешанковічы Віцебскай вобл. — 1926),

рэвалюцыянер. З 1898 вёў рэв. работу ў Бранску, Харкаве, Віцебску, на Рыга-Арлоўскай чыг. і інш. У 1907, 1909 і 1910 быў арыштаваны. У 1910—14 у эміграцыі. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. У чэрв.ліп. 1917 адзін са стваральнікаў Віцебскай арг-цыі інтэрнацыяналістаў [з вер. 1917 Віцебская арг-цыя РСДРП(б)], чл. яе к-та, дэлегат VI з’езда РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага Савета. У 1919 старшыня Мінскага чыг. рэв. суда, старшыня парт. ячэйкі чыгуначнікаў Мінска. З 1921 на гасп. рабоце ў Віцебску.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Берасцень А. І. 2/300; 3/115, 117; 11/349

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НЫЯ ВЫ́РАБЫ,

рэчы утылітарнага і дэкар.-прыкладнога характару, зробленыя з бяросты.

Здаўна пашыраныя ў многіх народаў лясной паласы Еўропы. Тэхнал. і маст. ўласцівасці бяросты давалі магчымасць вырабляць з яе рознае гасп. начынне, выкарыстоўваць у якасці ізаляцыйнага матэрыялу, для пісьма, малявання і інш. Вядомыя берасцяныя граматы 11—15 ст. з Ноўгарада, 13—14 ст. з Віцебска, берасцяны посуд з размаляваным і праразным дэкорам з рускай Поўначы.

Берасцяныя вырабы здаўна бытавалі і ў беларусаў. Стужкі бяросты клалі пад ніжні вянок зруба, каб засцерагчы ад гніення, імі для трываласці абгортвалі гліняны посуд (гл. Берасцень). На Палессі з берасцяных палос плялі наплечныя сумкі (вярэнькі) для пераноскі прадуктаў, у цэнтр. раёнах Беларусі — заплечныя каробкі (кашалі) для збору ягад і грыбоў. Сшываючы кавалкі бяросты гнуткімі карэньчыкамі ці скуранымі стужкамі, выраблялі разнастайны посуд (каробчыкі, берасцянкі) для сыпкіх і вадкіх прадуктаў. Невялікія берасцянкі для мёду, прыпраў і інш. нярэдка аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі, хваёвых лапак, кружочкаў з кропкамі. Табакеркі і сальнічкі часта рабілі з некалькіх накладзеных адзін на адзін слаёў бяросты з нарэзанымі ў зубчыкі краямі. З бяросты рабілі таксама пастухоўскія трубы. У сучасным побыце берасцяныя вырабы сустракаюцца рэдка.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Берасцяныя вырабы. Берасцянка. Мінская вобл. 19 ст.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ЭНЕРГЕ́ТЫК БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным рабочым вядучых прафесій, інж.-тэхн. работнікам электрастанцый і падстанцый, электрычных і цеплавых сетак, будаўніча-мантажных, наладачных і рамонтных арг-цый, н.-д. і праектных ін-таў за працу па спецыяльнасці не менш як 15 гадоў і за вял. заслугі ў развіцці і ўдасканаленні энергетыкі рэспублікі. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 24.12.1970, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. Існавала да 23.11.1988.

Заслужаныя энергетыкі Беларускай ССР

1971. А.​Ф.​Аляксеенкаў, П.​А.​Гамалюк, Г.​Ф.​Дзмітраковіч, В.​Я.​Ермачэнка, У.​В.​Іваноў, С.​Ф.​Ігнаценка, А.​Д.​Кантуш, І.​В.​Карабач, І.​С.​Лапаеў, Э.​А.​Лаўрыновіч, У.​І.​Марчанка, Л.​Ф.​Ніканораў, А.​І.​Рогаў, Г.​У.​Траяноўскі, С.​Я.​Чуеў, А.​П.​Юшкін, М.​Б.​Яфімец.

1974. У.​Дз.​Аляксандраў.

1975. І.​М.​Аляксандраў, М.​І.​Граблюк.

1976. П.​Я.​Берасцень, П.​Ц.​Дашкоў, В.​П.​Кушняроў, А.​П.​Саўчук, Я.​Я.​Фёдараў, Л.​А.​Шота.

1978. А.​Р.​Мінькевіч, А.​П.​Хамчаноўскі, І.​В.​Юшкевіч.

1980. М.​С.​Жураўлёў, Ю.​Ю.​Жылінскі, А.​М.​Леанкоў, Р.​М.​Матроскін, А.​І.​Сухоцкі, Я.​Ф.​Цымбарэвіч, І.​І.​Чыжонак.

1981. Г.​А.​Лаўроў, С.​М.​Цыцура, Н.​М.​Шчыцына.

1984. Ю.​П.​Казырэнка, В.​П.​Сіланцьеў, І.​У.​Юшкевіч.

1985. С.​А.​Мухараў, В.​П.​Панкоў.

1986. І.​М.​Акуліч, В.​В.​Герасімаў.

т. 6, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)