БЕРАЗА́НЬ,

востраў на ПнЗ Чорнага мора пры ўваходзе ў Дняпроўскі ліман, за 12,8 км на З ад г. Ачакаў. Найб. даўжыня з Пн на Пд каля 850 м, шырыня 200—850 м. У ант. часы наз. Барысфен. Раскопкамі (вядуцца з 1880-х г.) адкрыта самае стараж. грэч. паселішча ў Паўн. Прычарнамор’і, якое ўзнікла ў канцы 7 ст. да н.э.; у 5 ст. да н.э. страціла значэнне грэч. фарпоста пасля ўзвышэння Ольвіі. У 10—12 ст. тут было слав. паселішча. Беразань выкарыстоўвалі як апорны пункт запарожскія казакі. У 1788 заняты рус. войскамі. 6.3.1906 на Беразані расстраляны ўдзельнікі Севастопальскага паўстання 1905.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША Сямён Іванавіч

(каля 1739, в. Беразань, Гомельская вобл. — ?),

кіраўнік паўстанцкіх атрадаў на Украіне і Беларусі ў 1770—80-я г. З прыгонных сялян Мазырскага пав. З 9 гадоў жыў у Запарожскай Сечы. У складзе запарожскага войска ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1768—74. У пач. 1770-х г. арганізаваў паўстанцкі атрад, на чале якога нападаў на панскія маёнткі на Украіне. У 1773 сасланы на катаргу, уцёк адтуль у 1776 і сабраў з запарожскай беднаты новы атрад. У 1778 пасаджаны ў турму, праз год уцёк, на чале атрада нападаў на панскія маёнткі на Украіне і Беларусі. У 1783 арыштаваны на Беларусі, але зноў уцёк і ўзначаліў атрад паўстанцаў. У лют. 1784 арыштаваны ў Ромнах і сасланы на вечную катаргу ў Херсон. Пра Гаркушу як абаронцу прыгнечаных складзена шмат нар. песень і апавяданняў.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)