БЕНЗО́ЙНЫ АЛЬДЭГІ́Д, бензальдэгід,

найпрасцейшы альдэгід араматычнага шэрагу, C6H5CHO, мал. м. 106,12. Бясколерная вадкасць з пахам горкага міндалю; tкіп 179 °C, шчыльн. 1,0477∙10​3 кг/м³, раствараецца ў этаноле, эфіры. На паветры акісляецца да бензойнай кіслаты. Атрымліваюць каталітычным акісленнем талуолу. Ёсць у эфірных алеях (напр., пачуліевы), у насенні горкага міндалю, костачках вішні, абрыкоса, персіка. Бензойны альдэгід выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў парфумерыі, кампанент харч. эсенцый, сыравіна для інш. духмяных рэчываў і фарбавальнікаў.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗАЛЬДЭГІ́Д,

гл. Бензойны альдэгід.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,

арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).

Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.

Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.

Літ.:

Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)