Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,
гарадзішча скіфскай культуры канца 8 — пач. 3 ст. да н.э. каля в. Бельск Палтаўскай вобл.; самае вялікае ва Усх. Еўропе (4021 га). Складаецца з 4 дрэваземляных умацаванняў з валамі і равамі. Агульная даўж. сцен 33 833 м. Раскопкамі выяўлены рэшткі наземных зрубных жытлаў і зямлянак, бронзаліцейных і жалезаздабыўных майстэрняў, кузняў, свяцілішча, драўлянага храма з калонамі. Сярод знаходак антрапа- і зааморфныя гліняныя статуэткі, міжземнаморскія амфары, шкляныя пацеркі і інш. Бельскае гарадзішча атаясамліваецца даследчыкамі з г. Гелон, які ўпамінаецца Герадотам, лічыцца адм., рамесным, гандл. і рэліг. цэнтрам паліт. аб’яднання гелонаў, неўраў і будзінаў.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА
(Województwo Bielskie),
на Пд Польшчы. Мяжуе з Чэхіяй і Славакіяй. Пл. 3704 тыс. км², нас. 906,2 тыс. чал. (1992). Адм. ц. — г. Бельска-Бяла. Большая ч. тэрыторыі гарыстая, занятая Карпатамі (Зах. Бяскіды, найб. выш. 1557 м, гара Пільска), на Пн ад іх — Шлёнскае узв. і Асвенцімская катлавіна. Клімат умерана кантынентальны, сярэдняя т-ра студз. ад -4,9 да 2,2 °C, ліп. 14,9—18,2 °C, ападкаў 720—1200 мм за год. Гал. рэкі — Вісла з прытокамі Сола і Скава. Глебы пераважна малаўрадлівыя горныя, месцамі трапляюцца буразёмы. Лясы займаюць 37% тэрыторыі, найб. захаваліся ў Зах. Бяскідах. У гаспадарцы пераважае прам-сць, значная роля турызму. Найб. развіты машынабудаванне (транспартнае, у т. л. аўтамаб.), тэкст., хім., гарбарная, футравая, дрэваапр., папяровая, харч. (піваварная, цукровая), энергет. прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры: Бельска-Бяла, Асвенцім, Цешын, Андрыхаў, Жывец, Кэнты, Хэлмек, Скочаў, Вадавіцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 49% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, каля гарадоў — агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Цэнтры турызму і адпачынку (Вісла, Шчырк, Устрань з Яшоўцам, Завоя).
т. 3, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА, Бельскае возера,
у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. Зах. Дзвіны, у міжрэччы рэк Выдрыца і Ладасна, за 16 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 1,52 км², даўж. 2,12 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі 6,65 км. Пл. вадазбору 20,5 км².
Схілы катлавіны выш. 6—9 м, на Пн да 16 м. Берагі высокія, на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд сплавінныя. Мелкаводдзе спадзістае, дно плоскае, уздоўж берага пясчанае. Бяссцёкавае. Зарастае ўздоўж берагоў, паласа расліннасці ад 25 да 100 м.
т. 2, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)