Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРЭС, Беларуская дзяржаўная раённая электрастанцыя (БелДРЭС). Пабудавана паводле плана ГОЭЛРО ў 1927—30 каля в. Арэхі (цяпер г.п. Арэхаўск) Аршанскага р-на Віцебскай вобласці як Асінаўская ДРЭС. Працавала на торфе, які здабываўся на Асінаўскім балоце. З 1931 БелДРЭС. Праектнай магутнасці ў 32 тыс.кВт дасягнула з пускам 2-й чаргі ў 1939. У Вял.Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946, даваеннай магутнасці (34,5 тыс.кВт) дасягнула ў 1951. З 1986 працуе на мазуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСК,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, на беразе Арэхаўскага возера пры вытоку з яго ракі Аршыца. За 27 км ад горада Орша, 120 км ад Віцебска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Хлюсціна на лініі Орша—Смаленск. Аўтадарогамі злучаны з Оршай і Віцебскам. 3,5 тысяч жыхароў (1995). БелДРЭС, прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці. Брацкая магіла савецкіх воінаў. Помнік архітэктуры 19 стагоддзя — Спаская царква.
Узнік у пачатку 20 стагоддзя як заводскі пасёлак Выдрыца каля вёскі Арэхі Аршанскага раёна ў сувязі з будаўніцтвам завода сухой перагонкі драўніны. Пасля закрыцця завода (1917) пасёлак сельскага тыпу. З 1924 у Аршанскім раёне. З пачаткам будаўніцтва 11.7.1927 БелДРЭС зліўся з вёскай Выдрыца і 25.7.1929 пераўтвораны ў рабочы пасёлак пад назвай Арэхі-Выдрыца. У 1939 было 3,7 тысяч жыхароў. З ліпеня 1941 да 24.6.1944 акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, амаль цалкам знішчаны. 11.7.1946 пераўтвораны ў гарадскі пасёлак Арэхаўск. У 1946—54 цэнтр Арэхаўскага раёна. У 1969 у Арэхаўску 5,3 тысячы жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНТО́РФ,
рабочы пасёлак у Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобласці. За 16 км ад г. Дуброўна, 7 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск. 1,7 тыс.ж. (1995). Прадпрыемствы па здабычы торфу. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Узнік у 1927 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства па нарыхтоўцы паліва для БелДРЭС. З 27.9.1938 рабочы пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі; дзейнічала Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1946 у Арэхаўскім, з 1956 у Аршанскім, з 1965 у Дубровенскім р-нах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вялікае Арэхаўскае,
у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Аршыца, за 20 км на Поўнач ад Оршы. Плошча 2,11 км², даўжыня 3,93 км, найбольшая шырыня 1,08 км, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня берагавой лініі 10,8 км. Плошча вадазбору 33,4 км².
Схілы вышынёй 2—5 м, пад лесам, на ПнЗ вышынёй да 10—15 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком, на У і ПнУ высокія, стромкія. Востраў плошчай 2,4 га. Берагавая водмель пясчаная, дно выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. Упадае рака Чорная, выцякае рака Аршыца. Возера — вадаём-ахаладжальнік БелДРЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЖЫЖАНО́ЎСКІ (Глеб Максімілянавіч) (24.1.1872, г. Самара, Расія — 31.3.1959),
дзеяч рэв. руху ў Расіі, сав.дзярж. дзеяч, вучоны-энергетык. Акад.АНСССР (1929). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1894). З 1891 займаўся рэв. дзейнасцю. Адзін з арганізатараў Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» (1895). У снеж. 1895 арыштаваны, сасланы на 3 гады ў Сібір. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1920 старшыня Дзярж. камісіі па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО). У 1921—30 старшыня Дзяржплана СССР, адначасова (1927—30) старшыня К-та па стандартызацыі пры Савеце працы і абароны. Адзін з пачынальнікаў буд-ва ў СССРвял. электрастанцый — Дняпроўскай, Зуеўскай, Свірскай, Кашырскай, у Беларусі — 1-й Белдрэс. З 1930 старшыня Галоўэнерга Наркамцяжпрама СССР, у 1932—36 нам. наркома асветы РСФСР. У 1929—39 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Аўтар прац па комплекснай энергетыцы, электрыфікацыі, тэорыі і практыцы планавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНТО́РФСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943 у раёне прадпрыемства «Асінторф», чыг. ст. Асінаўка Дубровенскага р-на, гідрастанцыі БелДРЭС. Аб’ядноўвала каля 50 чал. Кіруючы састаў: Г.Г.Амельчанка, С.П.Шмуглеўскі, Я.У.Вільсоўскі, Л.К.Букацік, В.Ф.Агурцоў. Баявыя групы былі ў г. Дуброўна, рабочых пасёлках Цэнтральны, № 1, 2, 3, 5, 6, 8, 11, в. Азёры, Замоські, Заполле, Судзілавічы, у Асінторфскім лагеры ваеннапалонных. Падпольшчыкі здабывалі для партызанаў зброю, боепрыпасы, дакументы, медыкаменты, пропускі, звесткі пра дыслакацыю войскаў праціўніка, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, перапраўлялі іх да партызанаў і за лінію фронту. Патрыёты ўзарвалі чыг. мост, спалілі плаціну помпавай станцыі, вывелі са строю сістэму гідраторфу, знішчылі 3 склады боепрыпасаў, ваен. маёмасці і гаручага, спалілі дом адпачынку ням. афіцэраў, псавалі тэлеф. сувязь, машыны і абсталяванне. У кастр. 1943 уліліся ў 16-ю Смаленскую партыз. брыгаду.
Да арт.Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Помнік асінторфскім падпольшчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.11.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),
бел. жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.
Літ.:
Лейтман Ф. У.М.Кудрэвіч. Мн., 1958;
Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ ПАСЁЛАК,
населены пункт, размешчаны пры прамысл. прадпрыемствах, будоўлях, чыг. станцыях, электрастанцыях і інш. На Беларусі ўведзены пастановай ЦВК і СНКБССР ад 15.7.1935.
У канцы 19 — пач. 20 ст., калі будаваліся буйныя прадпрыемствы, паблізу іх узнікалі рабочыя слабодкі, пасёлкі, ускраіны. Яны мелі неўпарадкаваную, скучаную і хаатычную забудову (Ляхаўка, Камароўка ў Мінску, Гарэлае балота і Каўказ у Гомелі і інш.). У 1920—30-я г.Р.п. забудоўваліся комплексна (Камінтэрн у Мінску, Арэха-Выдрыца пры БелДРЭС, Аршанскі р-н Віцебскай вобл.): адначасова з 2—3-павярховымі жылымі дамамі будавалі дзіцячыя сады, школы, аб’екты культ.-быт. прызначэння, выкарыстоўваліся таксама тыпавыя праекты 4—16-кватэрных дамоў. У 1940-я г. створана шмат Р.п. пры торфапрадпрыемствах (Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., Татарка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.). Арх.-планіровачную структуру сучасных Р.п. утвараюць грамадскі цэнтр, жылая, прамысл. і паркавая зоны. Кампазіц. вось — гал. вуліца, на якой часцей за ўсё фарміруецца гал. плошча з адм.-грамадскім цэнтрам (Беліцк Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., Зялёны Бор Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. і інш.). Прамысл. зона аддзелена сан.-ахоўнай паласой, зялёныя насаджэнні якой утвараюць парк. зону (Бальшавік і Касцюкоўка Гомельскага р-на).
Паводле Закону «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998 Р.п. адносяцца да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу, маюць 500—2 тыс. жыхароў, могуць вырастаць у гарадскія пасёлкі і гарады. На Беларусі 15 Р.п. (2001): Акцябрскі, Асінторф, Бальшавік, Глуша, Градзянка, Зялёны Бор, Касцюкоўка, Мікашэвічы, Пагранічны, Першамайскі, Праўдзінскі, Рэчыца, Сасновы Бор, Татарка, Ялізава.