Белгі (плямёны) 2/282

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛГІ (лац. Belgae),

кельцкія плямёны (амбіяны, атрэбаты, белавакі, менапіі, марыны, рэмы, суесіёны і інш.) ў Паўн. Галіі (паміж рэкамі Сена і Рэйн) і на ўзбярэжжы Брытаніі. Белгі з Галіі падпарадкаваны Ю.Цэзарам у 58—51 да н.э. З 16 да н.э. тэрыторыя іх рассялення склала рымскую правінцыю Белгіка. Белгі на тэр. Брытаніі заваяваны рымлянамі ў сярэдзіне 1 ст. н.э. У 5 ст. пасля заваявання Белгікі франкамі белгі былі часткова знішчаны захопнікамі, часткова зліліся з імі.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬТЫ,

плямёны індаеўрапейскай групы, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н. э. жылі ў бас. рэк Рэйн, Сена, Луара, вярхоўях Дуная, пазней засялілі тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, паўд. Германіі, Аўстрыі, паўн. Італіі, паўн. і зах. Іспаніі, Брыт. а-воў, Чэхіі, Славеніі, часткова Венгрыі, Балгарыі і Турцыі. Рымляне называлі К. галамі, а асн. тэрыторыю іх рассялення Галіяй. Найб. значныя плямёны: бойі, гельветы, белгі, секваны, эдуі і інш. З імі звязаны гальштацкая культура (9—5 ст. да н.э.) і латэнская культура (5—1 ст. да н.э.). Займаліся земляробствам, апрацоўвалі металы, будавалі крэпасці і ўмацаваныя гарады, у найбольш развітых плямён з’явіліся зачаткі дзяржаўнасці. Ваявалі з германцамі, рымлянамі. У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі і раманізаваны. Традыцыі своеасаблівага кельцкага мастацтва (бронз. вырабы, посуд, зброя, дэталі конскай вупражы, разьба па каменю) захоўваліся і ў 1-м тыс. н.э., асабліва ў Ірландыі. К. адыгралі пэўную ролю ў фарміраванні англ., франц., бельг. і інш. народнасцей.

Літ.:

Граков Б.Н. Ранний железный век. М., 1977;

Широкова Н.С. Древние кельты на рубеже старой и новой эры. Л., 1989;

Шкунаев С.В. Община и общество западных кельтов. М., 1989.

Да арт. Кельты. Бронзавыя збаны з Бос-Юцс (Францыя).
Да арт. Кельты. Люстэрка з Дэсбара. 1 ст.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)