БЕ́ЛАЎ

(Below) Георг Антон Гуга фон (19.1.1858, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 20.10.1927),

нямецкі гісторык-медыявіст. Праф. у Мюнстэры (з 1891), Марбургу (з 1897), Цюбінгене (з 1901), Фрайбургу (1905—24). Даследаваў гісторыю дзярж. ладу і гаспадаркі ням. гарадоў у сярэднявеччы. Крытыкаваў вотчынную тэорыю, прызнаваў вядучую ролю палітыкі і права ў гісторыі. Гал. працы: «Тэрыторыя і дзяржава» (1900), «Нямецкая дзяржава ў сярэднія вякі» (1914), «Праблемы эканамічнай гісторыі» (1920).

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЎ

(Bellow) Сол (н. 10.6.1915, г. Лашын, Канада),

амерыканскі пісьменнік. З сям’і эмігрантаў-яўрэяў з Расіі. Скончыў ун-т у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывід. і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культ. традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970; за ўсе Нац. прэміі ЗША 1953, 1964, 1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зб. апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975, Пулітцэраўская прэмія). Проза Белава філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная. Нобелеўская прэмія 1976.

Тв.:

Рус. пер. — Родственники: Повести. М., 1991;

Герцог: Роман. М., 1991.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)