Белалобая гусь 2/209

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСЬ БЕЛАЛО́БАЯ (Anser albifrons),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.ліст.) пралётах.

Даўж. цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

віды дзікіх звяроў і птушак, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных, аматарскіх і прамысловых мэтах; аб’екты палявання. На Беларусі 22 віды П.ж. (млекакормячых); лось, алень высакародны, казуля, дзік, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка, андатра, палёўка вадзяная, воўк, ліс, янотападобны сабака, куніцы лясная і каменная, тхор, норкі еўрапейская і амерыканская, выдра, гарнастай, ласка, крот; 31 від паляўнічых птушак (у залежнасці ад экалагічных умоў пражывання адрозніваюць балотную, баравую, вадаплаўную, палявую); глушэц, цецярук, рабчык, курапатка шэрая, крыжанка, гусь шэрая, таксама гусі белалобая, гуменнік і піскулька, чыркі траскунок і свістунок, чэрнеці чубатая і чырвонагаловая, лысуха, драч, турухтан вялікі і інш. Здабыча П.ж. рэгулюецца адпаведнымі заканад. і нарматыўнымі актамі.

П.​І.​Лабанок.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)