БЕЛАКУ́РЫХА,

горад у Расіі, у Алтайскім краі, у даліне р. Белакурыха. За 250 км ад Барнаула. 13,6 тыс. ж. (1995). Бальнеалагічны курорт у адгор’ях Чэргінскага хрыбта. Развіваецца з канца 19 ст. Вядомасць набыў дзякуючы мясц. крыніцам слабамінералізаваных тэрмальных (28—42 °C) радонавых водаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, руху і апоры, нерв. і гінекалагічных расстройстваў, пры парушэннях у абмене рэчываў. Больш за 10 санаторыяў; пансіянаты, лячэбніцы, месцы для аэрагелія- і клімататэрапіі. Паблізу горада Цялецкае воз., Алтайскі запаведнік.

Літ.:

Казначеев В., Черявский Е. Курорт Белокуриха. 2 Изд. [Барнаул], 1967.

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.

Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у тым ліку Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра І, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).

Я.В.Малашэвіч.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́ЙСКІ КРАЙ,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Утвораны 28.9.1937. Размешчаны на ПдЗ Зах. Сібіры. Пл. 158,4 тыс. км². Нас. 2687 тыс. чал. (1994); большая ч. рускія, украінцы, жывуць казахі, беларусы, алтайцы і інш.; гар. насельніцтва 52%. Цэнтр — г. Барнаул. Найбольшыя гарады: Барнаул, Бійск, Рубцоўск, Новаалтайск, Зарынск, Слаўгарад.

Прырода. Алтайски край займае паўд. ч. Зах.-Сібірскай раўніны (у т. л. Кулундзінскую раўніну і Прыобскае плато). На ПнУ тэр. акаймавана Салаірскім кражам, на ПдУпаўн. адгор’ямі Алтая (выш. 2007 м, г. Чорная). Карысныя выкапні: поліметалічная і жал. руды, вапнякі, гліны, мірабіліт, кухонная соль, сода. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -19 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 250—350 мм за год. Гал. рака Об. Вял. азёры: Кулундзінскае, Кучукскае, Міхайлаўскае. Пераважаюць чарназёмныя, на З саланцавата-саланчаковыя глебы. У перадгор’ях лясы з лістоўніцы, сібірскай піхты, кедравай хвоі і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары і с.-г. машыны, вагоны, рухавікі, кавальска-прэсавае і горназдабыўное абсталяванне, радыёапаратура і інш.), хім. і нафтахім. (вытв-сць шын, штучнага валакна, хім. вырабаў). Развіты харч. (мясная, сыраробная, масларобная), лёгкая (вытв-сць баваўняных тканін, трыкатажу), горназдабыўная (поліметалічныя і жал. руды, кухонная і глаўберава соль), дрэваапр. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства: пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, авёс, проса, грэчка), цукр. буракоў, сланечніку, ільну, кармавых культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пладаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, мяса-воўнавая коза- і авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Гал. транспарт чыг. і аўтамабільны. Асн. чыг. магістралі: Новасібірск — Барнаул — Рубцоўск — Сяміпалацінск з адгалінаваннем на Бійск; Артышта—Барнаул—Кулунда—Паўладар; Татарск—Кулунда—Малінавае Возера; Алтайскае—Камень-на-Обі—Карасук. Аўтамаб. дарогі: Чуйскі тракт (ад Бійска праз Алтай у Манголію), Новасібірск — Барнаул. Суднаходства па Обі. Курорты Белакурыха, Лябяжае.

Р.А.Жмойдзяк.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)