БЕЙСБО́Л

(англ. baseball),

спартыўная гульня з мячом і бітай. Узнікла ў ЗША на пач. 19 ст. Гуляюць 2 каманды па 9 чал. на пляцоўцы ў выглядзе ромба з бакамі ў 90 футаў (27,4 м). Вуглы пляцоўкі лічацца «базай» («домам»). Спартсмены атакуючай каманды па чарзе стаяць каля «базы», адбіваюць бітай мяч, які кідаюць ім, і пакуль ён ляціць, перабягаюць да другой «базы». Сапернікі імкнуцца злавіць мяч і пацэліць ім у таго, хто перабягае да «базы». Калі гэта ўдаецца зрабіць тройчы, каманды мяняюцца месцамі. Каманда, якае мае найб. колькасць перабежак праз усе «базы» ў свой «дом» пасля 9 такіх змен, лічыцца пераможцай. Спрошчаны варыянт бейсболу — софтбол (можна гуляць на невял. пляцоўках, у тым ліку ў зале). Падобныя на бейсбол гульні ёсць і ў інш. народаў: бел. апука, англ. крыкет, рус. лапта і інш.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бейсбол 2/201; 6/263

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)