ВАДАНО́СНЫ ГАРЫЗО́НТ,

слой або некалькі слаёў водапранікальных горных парод, поры, трэшчыны і інш., пустоты ў якіх запоўнены вадой. Фарміруецца на водатрывалым слоі. Першы ад паверхні ваданосны гарызонт безнапорны, у ім утвараюцца грунтавыя воды. Напорныя гарызонты падземных вод абмежаваны водатрывалымі гарызонтамі (гл. Артэзіянскія воды). Некалькі гідраўлічна звязаных ваданосных гарызонтаў утвараюць ваданосны комплекс.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАВО́Д,

гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту для перамяшчэння цвёрдых сыпкіх матэрыялаў патокам вады. Падзяляецца на безнапорны (самацёчны) і напорны. Выкарыстоўваецца пры гідрамеханізацыі земляных і горных работ, транспарціроўцы сыравіны на цукр. і спіртавых з-дах, драніцы і папяровай масы на папяровых ф-ках, выдаленні попелу і шлаку з кацельняў і інш.

Транспартаванне ажыццяўляецца пры скарасцях вадкасці, большых за крытычную, калі завіслыя часцінкі матэрыялу не асядаюць. У самацёчным гідраўлічным транспарце сумесь матэрыялаў з вадой (пульпа) перамяшчаецца па трубах, жалабах, каналах пад нахілам, у напорным — па трубаправодах з дапамогай помпаў, землясосаў, эрліфтаў і інш. Гідраўлічны транспарт вызначаецца высокай прадукцыйнасцю, малымі эксплуатацыйнымі выдаткамі, магчымасцю транспартавання на вял. (да соцень кіламетраў) адлегласці і спалучэння з інш. тэхнал. працэсамі (напр., гідраўлічным разбурэннем пароды, абагачэннем матэрыялаў). Недахопы — значныя расходы вады і эл. энергіі, хуткае зношванне помпаў і трубаправодаў. Набывае пашырэнне кантэйнерны трубаправодны гідраўлічны транспарт (у шэрагу краін запатэнтаваны як «безнапорны трубаправодны транспарт» — БТТ). Герметычныя кантэйнеры-цыліндры, загружаныя матэрыялам, падаюцца ў запоўнены нясучай вадкасцю трубаправод і перамяшчаюцца ім за кошт перападу ціскаў у пачатку і канцы трубаправода або з дапамогай розных рухачоў (тросавых, стужачных, эл.-магнітных). БТТ адрозніваецца таннасцю, незалежнасцю ад надвор’я, матэрыял транспартуецца з высокай канцэнтрацыяй, не забруджваецца нясучай вадкасцю, непатрэбна яго абязводжванне. Гл. таксама Трубаправодны транспарт.

Літ.:

Введение в аэрогидродинамику контейнерного трубопроводного транспорта. М., 1986.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)