БА́ЎЭР

(Bauer) Бруна (6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),

нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.

М.В.Пешкаў.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР Таццяна Стафанаўна

(13.4.1924, Масква — 13.6.1944),

удзельніца партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дачка венг. камуніста, удзельніка венг. рэвалюцыі 1919. У 1941 добраахвотна пайшла на фронт, разведчыца, медсястра. З жн. 1942 на тэр. Беларусі: вяла разведвальную і дыверсійную работу, распаўсюджвала сав. газеты, лістоўкі ў Мінску, здабывала зброю, боепрыпасы, медыкаменты для партызанаў. З 1943 у складзе спец. групы ў Мінскай вобласці. Загінула ў баі з карнікамі каля в. Макаўе Барысаўскага р-на.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР

(Bauer) Ота (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),

адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́КАЛА (Agricola) Георг [сапр. Баўэр (Bauer); 24.3.1494, г. Глаўхаў, Германія — 21.11.1555], нямецкі вучоны ў галіне горнай справы і мінералогіі. Д-р медыцыны. На аснове даследаванняў прац антычных вучоных па геалогіі і горнай справе, уласных назіранняў абагульніў і сістэматызаваў вопыт горна-металург. вытв-сці. Навукова абгрунтаваў асновы пошуку і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, падземнай распрацоўкі рудаў і іх абагачэння, металургіі, прабірнага майстэрства. Апісаў 20 новых мінералаў, прапанаваў метады вызначэння іх па вонкавых прыкметах. Вывучаў лекавыя ўласцівасці металаў і мінералаў.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)