БАХА́Й, Чжэнь,

дзяржава на Д.​Усходзе ў 698—926. Засн. правадыром тунгускага племяннога аб’яднання махэ Да Цзажунам (правіў у 698—719). Уключала землі рас. Прымор’я, Паўн.-Усх. Кітая і Паўн. Карэі. На чале дзяржавы стаяў ван (кароль), якіх змянілася 15. З 720—730-х г. паміж Бахаем, Японіяй і Кітаем існавалі саюзніцкія адносіны. Выканаўчую ўладу ажыццяўлялі Левае (распрацоўвала праекты і абмяркоўвала бягучыя справы) і Правае (кіравала запісамі каралеўскіх указаў, гіст. падзей, скаргаў і інш.) мін-вы і мясц. чыноўнікі. Вярх. ўласнік зямлі — дзяржава. Гасп. дзейнасць Бахая — земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства і інш. Заваявана манг. плямёнамі кіданяў.

Літ.:

Шавкунов Э.В. Государство Бохай и памятники его культуры в Приморье. Л., 1968.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІДА́НІ, кітаі,

саюз манголамоўных плямён, якія ў сярэднія вякі качавалі на тэр. Манголіі і Маньчжурыі. Вядомы з 4 ст. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, рэлігія — шаманізм. У 907 К. ўзначаліў Елюй Абаоцзы, які заснаваў імперыю Ляо (916—1125). У 926 К. заваявалі дзяржаву Бахай, пазней пакарылі Паўн. Кітай і дзяржаву чжурчжэняў. Развіваліся горадабудаўніцтва, рамёствы, навука, л-ра, вынайдзены пісьменнасць і кнігадрукаванне (ксілаграфія). У пач. 12 ст. імперыя Ляо разгромлена чжурчжэнямі і ў 1125 спыніла існаванне. Частка К. на чале з Елюй Дашы ў 1124 адкачавала ва ўсх. Туркестан і Сярэднюю Азію, дзе стварыла Каракітаяў дзяржаву.

Літ.:

Е Лун-ли. История государства киданей: Пер. с кит. М., 1979;

Пиков Г.Г. Западные кидани. Новосибирск, 1989.

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЧЖУ́РЫЯ,

гістарычная вобласць Кітая, якая займала тэр. сучасных прав. Хэйлунцзян, Гірын, Ляанін і ч. аўт. раёна Унутр. Манголія. Сучасная назва Дунбэй (кіт. «Паўн. Усход»), У розныя часы паўд. М. ўваходзіла ў склад кіт. імперый Цынь, Хань, Мін. У 4 ст. н.з. плямёны сяньбі стварылі на тэр. М. дзяржаву, якая ўключала і тэр. Паўн. Кітая. У 8 ст. на У М. ўзнікла дзяржава Бахай, якую ў пач. 10 ст. заваявалі кідані. У пач. 12 ст. на тэр. паўн. М. склалася дзяржава чжурчжэняў — імперыя Цзінь, якая ў сярэдзіне 12 ст. захапіла паўн. Кітай. Яна была знішчана манголамі ў сярэдзіне 13 ст. У канцы 16 ст. ўзвысілася племянная група чжурчжэняў — маньчжуры на чале з Нурхацы [1575—1626], які абвясціў сябе ў 1616 ханам. Яго пераемнік Абахай [1626—43] прыняў тытул імператара дынастыі Цын. У 1644—83 маньчжуры ўсталявалі сваю ўладу над усім Кітаем. З канца 19 ст. М. інтэнсіўна засяляецца кітайцамі. У 1896 пачалося будаўніцтва Кіт. ўсх. чыгункі. На тэр. М. адбыліся асн. бітвы япона-кітайскай вайны 1894—95 і руска-японскай вайны 1904—05. Пасля Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 М. пад кантролем войск ген. Чжан Цзаліня. У 1931 акупіравана японцамі, якія стварылі ў М. марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-го. У жн. 1945 М. вызвалена сав. войскамі. З 1946 у складзе Кітая.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)