Батут 1/195; 2/183

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Падкідная сетка, гл. Батут

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАБА́ТЫКА (ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),

1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сярод бел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.​Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.​Колесава (1952), В.​Бірукоў (1957), А. і М.​Туманавы (1963), Л.​Зданюк (1966—67), А.​Базылеў (1974).

2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт. гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец. фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.

3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл. Акрабатычнае мастацтва.

Да арт. Акрабатыка. Трэніроўка спартсменаў.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНА́СТЫКА (грэч. gymnastikē ад gymnazō трэнірую, практыкую),

сістэма фізічных практыкаванняў для ўмацавання здароўя і ўсебаковага фізічнага развіцця асобы. Гімнастычныя практыкаванні былі вядомыя за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Кітаі і Індыі; у Стараж. Грэцыі пад гімнастыкай разумелі сістэму практыкаванняў. Вылучаюць віды гімнастыкі: асноўная, спартыўная і дапаможная. Асн. гімнастыка спрыяе агульнаму фіз. развіццю і ўмацаванню здароўя, развівае спрыт, сілу і інш. Гэта пераважна вучэбная гімнастыка. Уведзена ў дашкольных і школьных установах, арміі. Яе разнавіднасць — гігіенічная гімнастыка больш вядомая як зарадка. Спарт. гімнастыка апрача спецыяльна падабраных (вольных) практыкаванняў уключае практыкаванні на спарт. снарадах (брусы, перакладзіна, бервяно, «конь», батут і інш.), з рознымі прадметамі (скакалка, мяч, абруч і інш.); некаторыя практыкаванні ідуць з муз. суправаджэннем. Спарт. гімнастыка мае на мэце дасягненне вышэйшага спарт. майстэрства (гл. Акрабатыка, Мастацкая гімнастыка, Спартыўная гімнастыка). Дапаможная (прыкладная) гімнастыка спрыяе высокім дасягненням у розных відах спорту (спарт.-прыкладная гімнастыка), павышэнню прадукцыйнасці працы (вытворчая, прафесійна-прыкладная гімнастыка), узнаўленню страчаных функцый, умацаванню здароўя (лячэбна-аздараўленчая гімнастыка, гл. таксама Лячэбная фізкультура).

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЧКІ́ НА БАТУ́ЦЕ,

высокія падскокі на спарт. батуце з пераваротамі і вярчэннем; від спорту з элементамі акрабатыкі. Батут — плеценая сетка даўж. 3,6—4,3 м; шыр. 1,8—2,15 м, замацаваная на раме, выш. 0,95—1,05 м. Віды спаборніцтваў: індывід., па сінхронных скачках (2 спартсмены) і камандныя Кожны від складаецца з абавязковай і адвольнай праграм, якія ўключаюць па 10 элементаў.

Да 1940-х г. выкарыстоўваліся як сродак трэніроўкі спартсменаў, пілотаў і парашутыстаў, уваходзілі ў цыркавыя праграмы. Спарт. спаборніцтвы праводзяцца з 1947 (ЗША). Міжнар. федэрацыя батута створана і праведзены 1-ы чэмпіянат свету ў 1964. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1970. Найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Швейцарыі.

Зборная каманда Беларусі — чэмпіён свету (1994). Мужчынская каманда — чэмпіён (1995) і сярэбраны прызёр (1996, 1998) чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы (1993). Жаночая каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1996), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1993). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: у мужчын — чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету Я.​Бяляеў, М.​Казак, Дз.​Паляруш, У.​Какорка (у сінхронных выступленнях з Казаком); у жанчын — сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету Т.​Граеўская, Н.​Карпянкова, Г.​Лебедзева, Т.​Чуміна (бронз. прызёр чэмпіянату свету, 1978) і Т.​Мамай — чэмпіёнкі Еўропы ў індывід. (адпаведна 1974 і 1976) і сінхронных (1977) скачках, і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)