Батат 2/634; 5/136; 6/32

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́Т (Ipomoea batatas),

салодкая бульба, від кветкавых раслін з роду іпамея сям. бярозавых. Радзіма — Мексіка, Цэнтр. Амерыка. У Еўропу завезены Х.​Калумбам, у Афрыку — партугальцамі, Паўн. Амерыку — іспанцамі. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках Індыі, Інданезіі, Кітая, Японіі, Іспаніі, Італіі і ЗША як адну з асн. караняплодных харч. культур; як доследную культуру разводзяць у Туркменіі, Грузіі і інш. краінах.

Шматгадовая (у культуры часта аднагадовая) травяністая расліна з клубнепадобным коранем і сцелістым сцяблом даўж. 1—5 м. Лісце цэльнае або пальчаталопасцевае. Кветкі буйныя, ружовыя ці белыя, лейкападобныя. Плод — 4-насенная каробачка Харч. і кармавая расліна. «Клубні» батату маюць 24—28% крухмалу і цукру (адсюль другая назва — «салодкая бульба»). Маса «клубняў» 0,2—10 кг; іх спажываюць свежымі і сушанымі, перапрацоўваюць на кансервы, муку, крупы, крухмал, цукар, патаку, спірт. «Клубні» і бацвінне скормліваюць жывёле. Размнажаюць батат парасткамі прарослых «клубняў» і адрэзкамі сцяблоў.

Батат.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАПЛА́СТЫ (ад грэч. amylon крухмал + plastos вылеплены),

бясколерныя элементы расліннай клеткі з групы лейкапластаў. Сінтэзуюць і назапашваюць т.зв. другасны крухмал у назапашвальных тканках каранёў, карэнішчаў, караняплодаў (напр., бульба, батат, пастарнак і інш.).

т. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУХМАЛАНО́СНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія назапашваюць у тканках крухмал і выкарыстоўваюцца для яго атрымання. Гал. К.к. — бульба, кукуруза. Вырошчваюць таксама батат, маніёк ядомы (у клубнях 20—40% крухмалу), сагавую пальму (з аднаго ствала атрымліваюць 110—160 кг крухмалу) і інш.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́ЧЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, сцёблы якіх сцелюцца па паверхні глебы і ўкараняюцца з дапамогай прыдаткавых каранёў. Паўзучыя сцёблы з кароткімі міжвузеллямі наз. плецямі, з доўгімі — вусамі. Са сцябловых вузлоў П.р. акрамя прыдаткавых каранёў вырастаюць надземныя парасткі, а з іх вузлоў — новыя плеці і вусы, якія забяспечваюць вегетатыўнае размнажэнне. Сярод П.р. ёсць кармавыя (канюшына), харч., тэхн., лек. (агурок, батат, журавіны, суніцы), дэкар. (кураслеп) расліны.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІ́ТЫ [ад геа... + ...фіт(ы)],

шматгадовыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення і запасныя пажыўныя рэчывы знаходзяцца ў органах (цыбулінах, карэнішчах, клубнях), захаваных у глебе, што дазваляе ім перажываць засушлівы або халодны перыяд года. Адна з жыццёвых формаў раслін; адносяцца да крыптафітаў. Да геафітаў належаць цыбульныя (цыбуля, цюльпан, нарцыс), карэнішчавыя (ландыш, спаржа, многія злакі і асокі), клубнецыбульныя (шафран і інш.), клубняносныя (бульба, батат і інш.). Часткі раслін, якія перажываюць неспрыяльныя ўмовы ў зімовы перыяд, ахаваны таксама ападам з адмерлых наземных органаў і снегам. Геафітаў найбольш у сухіх стэпах.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАМЕ́Я (Ipomoea),

род кветкавых раслін сям. бярозкавых. Каля 500 відаў, пашыраны пераважна ў тропіках. Культывуецца ў Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Паўд. Украіне. Найб. каштоўны батат. На Беларусі вырошчваюць І. пурпуровую (I. purpurea) як дэкар. расліну.

Адна- і шматгадовыя, павойныя ці сцелістыя травы і кусты. Карэнішча клубнепадобна патоўшчанае. Парасткі некат. (I. pes-caprae) даўж. да 18 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, часта апушанае валаскамі, якія надаюць ім шаўкавісты бляск. І. пурпуровая — павойная расліна з буйнымі белымі, ружовымі, блакітнымі і фіялетавымі кветкамі, якія закрываюцца нанач. Цвіце з чэрв. да верасня. Ёсць махровыя формы. Плод — каробачка.

Іпамея.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́СА,

штат Індыі, на ПнУ паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адм. ц. — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).

З.​М.​Шуканава.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЬХО́Й, Аньхуэй,

правінцыя на У Кітая, у нізоўях рэк Янцзы і Хуанхэ. Пл. каля 140 тыс. км². Нас. 56 млн. чал. (1990). Адм. ц. — Хэфэй. Гал. парты: Уху, Юйцыкоў, Банбу. На Пн — нізінная тэр. Вял. Кітайскай раўніны. Зах. і паўд. часткі — сярэдневышынныя горы (макс. выш. больш за 1800 м). Клімат субтрапічны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да +4 °C, ліп. 24—28 °C, ападкаў 600—1500 мм за год з летнім максімумам. Лясы хваёвыя і шыракалістыя. Бязлесная раўніна з урадлівымі карбанатнымі алювіяльнымі глебамі амаль цалкам распрацавана. Густая гідраграфічная сетка, аснову якой складае р. Хуанхэ з прытокамі, мноства дробных азёраў. Разбуральныя паводкі р. Хуанхэ ліквідаваны пры дапамозе пабудаваных вадасховішчаў. Аньхой — адзін з асноўных с.-г. раёнаў краіны (рыс, чай, проса, тытунь, пшаніца, соя, батат, кукуруза, бавоўнік). Развіты свінагадоўля, развядзенне рыбы. Здабыча каменнага вугалю (Хуайнанскі бас.), жал. руды (у Данту), медзі (у Тунгуаньшані), серы, фасфарытаў. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Металургічная, маш.-буд., хім., папяровая прамысловасць.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНСІ́-ЧЖУА́НСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН,

на Пд Кітая, у бас. р. Сіцзян. На З мяжуе з В’етнамам. Пл. 220,4 тыс. км². Нас. 42,2 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы (60%), чжуаны (35%), яа, мяа, тун і інш. Адм. ц.г. Наньнін. Большая ч. тэр. — моцна парэзаныя нізкагор’і выш. каля 500—1000 м, найб. выш.. 2185 м. На Пн — карставыя формы рэльефу. Сярэдняя т-ра студз. ад 6 °C на Пн да 14 °C на Пд, ліп. — 24—28 °C. Вечназялёныя горныя лясы. Радовішчы марганцу, волава, каменнага вугалю і інш. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі. На працягу года збіраюць 2—3 ураджаі. Асн. с.-г. культура — рыс (каля 65% плошчы). Вырошчваюць таксама батат, цукр. трыснёг, арахіс, рамі, кунжут, рапс, тытунь, фрукты. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Вытв-сць вострых прыпраў (карыца, аніс). Лесараспрацоўкі. Рысаачышчальная, алейная, дрэваапр., папяровая, тэкст., цукр. прам-сць. Здабыча і перапрацоўка волава, марганцу, свінцу, цынку. Здабыча каменнага вугалю, металургічныя і маш.-буд. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (фарфор). Рачное суднаходства.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)