БАСТЫЯ́

(Bastiat) Клод Фрэдэрык (29.6.1801, Мугрон, каля г. Баёна, Францыя — 24.12.1850),

французскі вучоны-эканаміст. Прадстаўнік эканам. лібералізму 19 ст., адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Асн. працы: «Эканамічныя сафізмы» (1846), «Эканамічныя гармоніі» (1849). Прыхільнік рыначнай эканомікі, свабоднага прадпрымальніцтва і канкурэнцыі. Сфармуляваў тэорыю вартасці, заснаваную на паняцці паслуг. Капіталізм разглядаў як гарманічнае грамадства, засн. на ўзаемным абмене паслугамі паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Крытычна ставіўся да ідэй сацыялізму. У 2-й пал. 20 ст. яго погляды адрадзіліся як рэакцыя на посткейнсіянства і эканам. тэорыю марксізму.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІІ ІНТАРЭ́САЎ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная канцэпцыя, якая трактавала капіталізм як адзіны магчымы стан грамадства. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст.; найб. вядомыя прадстаўнікі: Ф.Бастыя (Францыя), Г.Ч.Кэры (ЗША). У сваіх творах развівалі ідэі аб капіталізме як адзіным магчымым натуральным стане грамадства. Ідэю эканам. гармоніі Бастыя пашырыў і на вытв-сць, і на размеркавальныя адносіны грамадства; лічыў, што гармонію можа парушыць толькі ўмяшанне дзяржавы ў эканам. адносіны людзей. Кэры абгрунтоўваў існаванне «самай поўнай гармоніі ўсіх рэальных інтарэсаў» розных слаёў грамадства, сцвярджаў, што рабочыя атрымліваюць поўны прадукт сваёй працы, а прыбытак ствараецца капіталам, які ён атаясамліваў са сродкамі вытв-сці. Паслядоўнікі гэтай тэорыі — Г.Джордж (ЗША), Я.Дзюрынг (Германія), М.Х.Бунге (Расія) і інш.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)