КУЗЬМІЧО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен.перыяд. друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1941—42,
250-дзённая (з 30.10.1941 да 4.7.1942) абарона горада і галоўнай ваенна-марской базы Чарнаморскага флоту ў Вял.Айч. вайну. У кастр. 1941 войскі 11-й ням. арміі (камандуючы ген.-фельдмаршал Э. фон Манштэйн) і рум. корпуса прарваліся ў Крым. Сав. войскі адышлі да Керчанскага п-ва, а частка сіл — да Севастопаля. 4.11.1941 з часцей Севастопальскага гарнізона, караблёў і авіяцыі Чарнаморскага флоту, а таксама часцей Асобнай Прыморскай арміі (ген.-маёр І.Я.Пятроў) створаны Севастопальскі абарончы раён (САР) на чале з камандуючым флотам віцэ-адм. П.С.Акцябрскім. Ням.-фаш. камандаванне ажыццявіла 3 буйныя наступленні на горад. Першыя два (11—21 ліст. і 17—31 снеж. 1941) штурмы севастопальцы адбілі і прымусілі ворага перайсці да абароны. Поспеху абаронцаў садзейнічалі падмацаванне, перакінутае з Каўказа, і Керчанска-Феадасійская дэсантная аперацыя 1941—42сав. войск, што прымусіла праціўніка аслабіць націск на Севастопаль. Перад апошнім штурмам (пачаўся 7.6.1942) у складзе САР налічвалася 106 тыс.чал., 600 гармат і мінамётаў, 38 танкаў, 100 самалётаў, лінейны карабель, крэйсеры, эсмінцы і інш.Ням. камандаванне сканцэнтравала пад Севастопалем амаль усю 11-ю армію (каля 204 тыс.чл., 450 танкаў, больш за 2000 гармат і мінамётаў, 1060 самалётаў). Цаной вял. страт 18 чэрв.ням. і рум. войскі прарваліся да Паўн. бухты, Інкермана, Сапун-гары, а 30 чэрв. ўварваліся ў горад. Невялікія групы абаронцаў разрознена адышлі да бухтаў і на мыс Херсанес. 4.7.1942 паводле загаду Стаўкі адбылася эвакуацыя часткі абаронцаў, некат. спрабавалі прарвацца ў горы да партызан. У баях за Севастопаль праціўнік страціў каля 300 тыс.чал. забітымі і параненымі. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Героі Сав. Саюза лётчыкі М.В.Аўдзееў, Дз.М.Мінчугоў, У.А.Наржымскі, У.А.Скугар, маракі ВМФ Г.М.Халасцякоў, І.К.Хурс, А.Р.Азаронак, П.Ц.Бандарэнка, С.С.Варкоў, О.С.Жукоўскі, прадстаўнікі сухап. войск Я.В.Леашэня, А.Ж.Юхімчук, марскія пехацінцы Г.Н.Вішнеўскі, М.А.Савіцкі. У гонар гераічнай абароны 22.12.1942 устаноўлены медаль «За абарону Севастопаля» (узнагароджана больш за 45 тыс.чал.). У 1945 Севастопалю нададзена ганаровае найменне «Горад-герой».
Літ.:
Героическая оборона Севастополя, 1941—1942. М., 1969;
Крылов Н.И. Огненный бастион. М., 1973;
Огненные дни Севастополя. 2 изд. Симферополь, 1982;
Борисов Б.А. Подвиг Севастополя. 3 изд. Симферополь, 1977;
Долготович Б.Д. Твои сыновья, Беларусь. Мн., 2000.
Г.Дз.Бабусенка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Севастопальская абарона 1941—42. Абарона Севастопаля. Мастак А.Дайнека. 1942.