БАСПО́Р,

гл. Баспорская дзяржава.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСПО́Р ФРАКІ́ЙСКІ,

стараж.-грэчаская назва праліва Басфор.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСПО́Р КІМЕРЫ́ЙСКІ,

стараж.-грэчаская назва Керчанскага праліва. Звязана са стараж. насельніцтвам Паўн. Прычарнамор’я — кімерыйцамі. На берагах Баспора Кімерыйскага ў 5 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры існавала Баспорская дзяржава.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЧАНСКІ ПРАЛІ́Ў (стараж.-грэч. Баспор Кімерыйскі),

праліў паміж Керчанскім п-вам на З і Таманскім п-вам на У, злучае Чорнае і Азоўскае моры. Даўж. каля 41 км, шыр. ад 40 да 45 км, глыб. 5—15 м. Берагі часткова нізінныя, з пясчанымі косамі, месцамі абрывістыя і скалістыя. Зімой укрыты плывучымі льдамі. На зах. беразе — буйны порт Керч, звязаны чыг. паромам са ст. Каўказ.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТРЫДА́Т VI ЕЎПА́ТАР (Mithridatēs Eupatōr; 132—63 да н.э.),

цар Пантыйскага царства з 121 (фактычна з 111) да 63 да н.э. Двойчы пасылаў войскі ў Крым, дапамог Херсанесу Таўрычаскаму і Баспорскай дзяржаве ў барацьбе супраць скіфаў. У час 3-га паходу было задушана Саўмака паўстанне і далучаны да Понта Баспор (107 да н.э.). Падначаліў сабе амаль усе грэч. полісы Прычарнамор’я, М. Арменію, Калхіду. Вёў войны з Рымам (т.зв. Мітрыдатавы войны 89—85, 83—81 і 74—63 да н.э.); магчыма, заключыў саюз са Спартаком. Вырашальнае паражэнне пантыйскім войскам нанесла рым. армія Пампея ў бітве на р. Еўфрат у 65 Да н.э. М. VI Е. уцёк у Пантыкапей (сучасны г. Керч). Не атрымаўшы падтрымкі народа і войска для далейшай барацьбы з Рымам, скончыў самагубствам. Паводле звестак ант. аўтараў, М. VI Е. валодаў больш як 20 мовамі, любіў грэч. мастацтва і музыку, быў калекцыянерам, апекаваў філосафаў і паэтаў.

Літ.:

Аппиан. Митридатовы войны // Вестн. древней истории. 1946. № 4;

Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982. С. 290—321;

Молев Е.А. Митридат Евпатор: Создание Черноморской державы. Саратов, 1976.

А.​Г.​Зельскі.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСПО́РСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Баспор,

дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і ў 480 да нашай эры — канцы 4 ст. нашай эры. Сталіца — г. Пантыкапей (цяпер г. Керч). Займала Керчанскі і Таманскі п-авы, узбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў да сучаснага г. Новарасійск і ніжняга цячэння Дона; аб’ядноўвала грэч. гарады-калоніі Феадосію, Фанагорыю, Гаргіпію і інш. і стараж. мясц. плямёны. Б. ч. насельніцтва складалі свабодныя земляробы і рабы. Правілі Баспорскай дзяржавай дынастыі архантаў (цароў) Археанактыдаў (480—438 да нашай эры) і Спартакідаў (да 107 да нашай эры). З канца 2 ст. да нашай эры ўваходзіла ў Пантыйскае царства, з 1 ст. да нашай эры да 3 ст. нашай эры была васалам Стараж. Рыма. З сярэдзіны 3 ст. нашай эры ў эканам. і паліт. заняпадзе. Знішчана гунамі.

Археал. вывучэнне Баспора пачалося ў 19 ст. (П.​Дзюбрукс, І.​А.​Стампкоўскі, А.​Б.​Ашык, Д.​В.​Карэйша, А.​Е.​Люцэнка, В.​В.​Шкорпіл і інш.), у 20 ст. даследаванні вялі В.​Ф.​Гайдукевіч, У.​Д.​Блавацкі, М.​М.​Кабыліна і інш. Выяўлены помнікі дойлідства (пахавальні з уступамі), Залаты, Царскі, Мелек-Чэсменскі курганы, зернясховішчы, рэшткі рыбазасольных і вінаробных ваннаў, ганчарныя і ювелірныя вырабы, манетныя скарбы, скляпы, размаляваныя ваеннымі, культавымі і бытавымі сцэнамі, партрэтныя скульптуры. Сусветна вядомыя маст. вырабы — залаты грэбень з кургана Солаха, сярэбраная ваза з Чартамлыцкага кургана, Кульобская ваза з электрону (сплаў золата і серабра).

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)