Баскетбол 2/174—175; 10/12

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),

камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.​Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн. час.

Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.​Ядзешка, Т.​Івінская, І.​Сумнікава, А.​Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).

Да арт. Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРЕССБО́Л. ТАКОВА́ СПОРТИ́ВНАЯ ЖИЗНЬ»,

бел. спартыўная газета. Выходзіць з 1991 у Мінску на рус. мове 4 разы на тыдзень. Заснавальнік і выдавец — калектыў рэдакцыі. Тэматыка выдання: спарт., агляды, аналіз спаборніцтваў і асобных гульняў, пераважна ў гульнявых відах спорту (футбол, гандбол, баскетбол і інш.); інфармацыя пра найб. значныя спаборніцтвы ў свеце і на Беларусі; нарысы і інтэрв’ю са спартсменамі і інш. Асн. пастаянныя рубрыкі: «Футбол», «Баскетбол» і інш.; «Палеміка»; «Партрэт»; «Навіны»; «Біг-макбол»; «Пратакол»; гумарыстычная «Прыплылі» і інш.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР Аляксандр Іванавіч (н. 10.3.1945, г. Краматорск, Украіна),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1994), праф. (1993). Засл. трэнер Беларусі. Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1996). Скончыў Бел. ін-т фізічнай культуры (1996). З 1966 у Магілёўскім пед. ін-це. З 1968 у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту (з 1982 дэкан трэнерскага ф-та; у 1995—2000 рэктар). З 2000 дырэктар НДІ фіз. культуры і спорту Рэспублікі Беларусь. З 2003 у Бел. акадэміі фіз. культуры. Навук. працы ў галіне тэорыі і методыкі спарт. гульняў.

Тв.:

Баскетбол в школе. Мн., 1982 (разам з Г.​Л.​Астроўскім);

Учись играть в баскетбол. Мн., 1985;

Спортивные игры. Мн., 1993 (у сааўт.);

Спортивные игры (общий курс). Мн., 1996 (разам з Э.​К.​Ахмеравым).

т. 18, кн. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІВЕРСІЯ́ДА,

сусветныя спарт. студэнцкія гульні; комплексныя міжнар. спаборніцтвы. Рэгламент У. адпавядае духу алімп. руху.

У 1949 створана міжнар. федэрацыя універсітэцкага спорту (ФІСУ). З 1957 праводзяцца аб’яднаныя Сусв. студэнцкія гульні — У. (з 1960 1 раз у 2 гады). У праграмах летніх У.: барацьба вольная і грэка-рымская, баскетбол, валейбол, воднае пола, гімнастыка, лёгкая атлетыка, плаванне, скачкі ў ваду, тэніс, фехтаванне і інш. У праграмах зімовых У.; лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, скарасны бег на каньках, фігурнае катанне, хакей.

Сярод бел. спартсменаў прызёрамі 1 Сусв. студэнцкіх гульняў (1949, Будапешт) былі У.​Коган (бокс, 3-е месца) і Ц.​Лунеў (лёгкая атлетыка, бар’ерны бег, 3-е месца). На II Сусв. студэнцкіх гульнях (1951) чэмпіёнкай стала В.​Набокава (лёгкая атлетыка, кіданне кап’я), бронзавыя прызёры — Лунеў і М.​Салтыкоў (лёгкая атлетыка, бег). Чэмпіёны У.: у 1957 М.Іткіна, Л.​Ермалаева (лёгкая атлетыка); у 1970 М.​Шаколіна (фехтаванне) і І.​Ядзаешка (баскетбол); у 1973 М.Жалабоўскі, Л.​Ліберман і Э.​Файнштэйн (барацьба грэка-рымская), В.Корбут, М.​Міхайлін (скачкі ў ваду з вышкі), У.​Паўленка (фехтаванне, камандны залік), В.Сюльжын, У.​Шчукін (гімнастыка); у 1981 К.​Шаравера (баскетбол); у 1990 А.​Тарасюк (лёгкая атлетыка, бег); у 1991 У.​Бялоў (плаванне); у 1995 С.​Захарэнка (лыжнае дваябор’е), А.​Трыгубаў (лыжная гонка); В.​Юркіна (спарт. гімнастыка); у 1997 Л.​Хмяльніцкая (лёгкая атлетыка, хадзьба) і інш.

А.​А.​Серадзін.

т. 16, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВІ́НСКАЯ (Белашапка) Таццяна Міхайлаўна

(н. 27.3.1958, г. Віцебск),

бел. спартсменка (баскетбол). Засл. майстар спорту СССР (1980). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1982). Чэмпіёнка Алімп. гульняў (1980, Масква), чэмпіёнка свету (1983), Еўропы (1973, 1985). З 1992 — трэнер спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву (Мінск).

В.​Л.​Працкайла.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́МНІКАВА (дзявочае Свірыдзенка) Ірына Уладзіміраўна

(н. 15.10.1964, Мінск),

бел. спартсменка (баскетбол). Засл. майстар спорту СССР (1991). Чэмпіёнка XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія), бронз. прызёр XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1986). Чэмпіёнка Еўропы (1989, 1991), бронз. прызёр (1995). З 2000 у Расіі.

т. 15, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЙМ (ад англ. time час),

1) перыяд часу, неабходны для гульні ў футбол, хакей, баскетбол і інш. спарт. гульні з мячом.

2) Частка складаных слоў, якія абазначаюць працэсы, абмежаваныя ў часе. Напр., Т.-аўт — прадугледжаны правіламі перапынак у час гульні, які назначаецца па просьбе каманды або яе трэнера; Т.-чартэр — дагавор на арэнду транспарту на пэўны тэрмін.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКАЯ Галіна Уладзіміраўна (н. 13.7.1961, Мінск),

бел. спартсменка (баскетбол). Засл. майстар спорту. Скончыла БДУ і Бел. ін-т фіз. культуры. У 1980—90 выступала ў складзе зборнай каманды СССР. Бронз. прызёр XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул). Чэмпіёнка свету (1983), Еўропы (1980, 1981, 1983, 1985, 1987, 1989). Чэмпіёнка Сусв. універсіяды (1981). Сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1989). З 1991 на трэнерскай рабоце ў Іспаніі.

т. 14, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)