БАРУ́НСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў 1915—33 у мяст. Баруны Ашмянскага пав. (Гродзенская вобл.). Рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Засн. як рус. настаўніцкая семінарыя. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў г. Ціхвін Наўгародскай губ. У 1920 у Барунах у будынку б. манастыра базыльян адкрыта бел. настаўніцкая семінарыя, стваральнікам і дырэктарам якой быў С.А.Рак-Міхайлоўскі. У 1921 бел. семінарыя зачынена польск. ўладамі. На яе аснове створана польск. мужчынская настаўніцкая семінарыя. Выкладаліся польск., ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, фізіка, матэматыка, музыка і спевы, рэлігія, батаніка, заалогія, анатомія і фізіялогія чалавека, фізкультура і інш. Пры семінарыі працавала пач. школа (з 1922), у якой семінарысты праходзілі практыку. Семінарыя скасавана ў выніку школьнай рэформы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.

У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА ў Вільні, культурна-асветная арг-цыя ў 1920—21. Засн. ў студз. 1920 як філія Цэнтральнай беларускай школьнай рады. Старшыня — Ф.Умястоўскі, з восені 1920 М.Кахановіч, члены рады М.Гарэцкі, Я.Станкевіч, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю, стварала новыя школы і культ.-асв. гурткі. Працавала ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У канцы 1920 — пач. 1921 Беларуская школьная рада разам з бел. пададдзелам асветы пры ўрадзе «Сярэдняй Літвы» закладзена каля 200 бел. пач. школ, Барунская настаўніцкая семінарыя, арганізаваны бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Удзельнічала ў выданні падручнікаў для бел. школ, навуч. дапаможнікаў і інш. бел. л-ры. На яе аснове ў крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы.

У.В.Ляхоўскі.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)