БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд. ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.
В.Ф.Вінакураў.
т. 2, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)