БА́РТАЛІ ((Bartoli) Матэо Джуліо) (22.11.1873, Альбона, Італія, цяпер г. Лабін, Харватыя — 23.1.1946),

італьянскі мовазнавец. Праф. Турынскага ун-та. Заснавальнік «неалінгвістычнага» кірунку ў лінгвістыцы. Першы ўвёў у мовазнаўства паняцце «ізаглоса» і, карыстаючыся паняццем «лінгвістычны арэал» (уведзены франц. дыялектолагам Ж.​Жыльеронам), вылучыў разнастайныя тыпы арэалаў («Субстрат, суперстрат і адстрат», 1939; «Нарысы арэальнай лінгвістыкі», 1945). У 1925 распрацаваў асн. прынцыпы арэальнай лінгвістыкі.

Тв.:

Introduzione alla neolinguistica. Geneve, 1925;

Breviario di neolinguistica. Modena, 1925.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСТРА́Т (ад лац. ad пры, каля + stratum слой),

сляды ўзаемадзеяння мовы прышэльцаў і тубыльцаў на фанетычным, лексічным, граматычным узроўні. Пры гэтым не адбываецца асіміляцыі, а абедзве моўныя сістэмы працягваюць суіснаванне (скандынаўскі ўплыў на англ. мову 9—11 ст., цюркскі адстрат у бел. мове, напр.: кіндзюк — зельц). Часам тэрмін «адстрат» ужываецца для абазначэння ўзаемапранікнення тэрытарыяльна сумежных, але не блізкародных моў (бел. і літоўскай; напр., валандацца, клыпаць). Паняцце «адстрат» уведзена М.​Барталі ў 1936.

А.​А.​Кожынава.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,

раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.​Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.​А.​Бузук.

Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.

Літ.:

Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;

Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;

Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.

Г.​А.​Цыхун.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)