БАРА́НКАС, баранкасы (ісп. barrancos),
глыбокія эразійныя барозны, якія праразаюць у радыяльным напрамку схілы конусаў вулканаў ад вяршыні да іх падэшваў. Утвараюцца ад размыву парод воднымі патокамі, што сцякаюць па схілах.
т. 2, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́О-КАЛАРА́ДА (Río Colorado),
рака ў Аргенціне. Даўж. больш за 1,2 тыс. км, пл. басейна каля 350 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Рыо-Грандэ і Баранкас, якія пачынаюцца на ўсх. схілах Андаў. Перасякае ў глыбокай даліне засушлівыя раўніны паўн. ч. Патагоніі, упадае ў зал. Эль-Рынкон Атлантычнага ак., утварае дэльту. Гал. паводка вясной ад раставання снегу ў Андах. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 140 м³/с. Суднаходная на 320 км ад вусця.
т. 13, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)