БАНЬ ГУ,

Бань Мэн-цзянь (32, г. Аньлінь, Кітай — 92), старажытнакітайскі гісторык. Брат палкаводца Бань Чао. Займаў розныя пасады пры імператарскім двары. Як памочнік палкаводца Доу Сяня ў няўдалым паходзе ў 92 супраць гунаў быў разжалаваны і зняволены. Аўтар (разам з бацькам Бань Бяо і сястрой Бань Чжао) складзенай у 58—82 «Гісторыі Старэйшай дынастыі Хань», якая ахоплівае перыяд у 230 гадоў ад праўлення імператара Лю Бана да Ван Мана. Пісаў і літ. прозу.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЬ ЧА́О

(32—102),

старажытнакітайскі палкаводзец і дыпламат. Брат гісторыка Бань Гу. У 73 пасланы з ваен.-дыпламат. місіяй у «Зах. край» (Усх. Туркестан), пазней аднавіў тут кіт. ўплыў і стаў намеснікам кіт. імператара. У 90 разбіў войска кушанскага цара Канішкі, у 91 разграміў гунаў. Яго перамогі спрыялі аднаўленню Вялікага шаўковага шляху. Адправіў шэраг дыпламат. місій у зах. напрамку, у тым ліку да Персідскага заліва.

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН ВЭЙ,

Моцзе (699 або 701, г. Таюань, Кітай — 759 або 761), кітайскі паэт, жывапісец, каліграф і музыкант. Атрымаў канфуцыянскую адукацыю. Служыў пры імператарскім двары. Аўтар паэтычнай пейзажнай лірыкі (цыкл «Рака Ванчуань», вершы «Чырвоныя бабы», «Сцежка сярод акацый» і інш.), твораў на гіст. тэмы («Удава князя Сі», «Бань Цзеюй»). Пачынальнік кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу, заснаванага на выкарыстанні танальных магчымасцяў тушы. Выконваў размалёўкі на шоўку і насценныя. У лірычных пейзажах ствараў узвышаныя абагульняльныя вобразы прыроды. Творы захаваліся ў копіях: «Рака пад снегам», «Праясненне пасля снегападу», «Партрэт Фу Шэна з Цзінаня» і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1979.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)