БАНКС (Banks),
востраў на З Канадскага Арктычнага архіпелага, тэр. Канады. Пл. 64 тыс. км². Паверхня — раўніны і плато выш. да 762 м. Клімат субарктычны. Тундравая расліннасць. Населены пункт — Сакс-Харбар.
т. 2, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНКС (Banks),
група вулканічных астравоў на ПдЗ Ціхага ак., паміж а-вамі Санта-Крус і Новымі Гебрыдамі. Уваходзіць у склад дзяржавы Вануату. Пл. каля 800 км². Клімат гарачы і вільготны. Трапічная расліннасць.
т. 2, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-КЛУР ((McClure) Роберт Джон) (28.1.1807, г. Уэксфард, Ірландыя — 17.10.1873),
англійскі ваен. марак, даследчык Арктыкі. У 1848—53 удзельнічаў у 3 экспедыцыях, накіраваных англ. урадам да Канадскага Арктычнага архіпелага на пошукі экспедыцыі Дж.Франкліна. У 1850—52 на судне «Інвестыгейтар» прайшоў праз Берынгаў праліў у Паўн. Ледавіты ак., адкрыў паўд. і зах. берагі в-ва Банкс і пралівы, якія аддзяляюць яго ад а-воў Вікторыя і Мелвіл. У 1853—54 М.-К. і яго спадарожнікі сумесна з англ. экспедыцыяй Э.Белчэра выйшлі ў мора Бафіна і даказалі наяўнасць Паўн.-Зах. прахода. Імем М.-К. названы праліў паміж в-вам Банкс на Пд і а-вамі Прынс-Патрык і Мелвіл на Пн.
т. 9, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МУНДСЕНА ЗАЛІ́Ў,
заліў Паўн. Ледавітага ак., паміж берагамі Канады і а-вамі Банкс і Вікторыя. Даўж. каля 445 км, найб. шыр. 213 км. Глыб. да 285 м. Выш. прыліваў 0,2—0,3 м. Большую ч. года ўкрыты лёдам. У прыбярэжнай паласе — здабыча нафты і газу. Названы ў гонар Р.Амундсена.
т. 1, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРО́С ((Quiros) Педра Фернандэс [1560) (?),
г. Эвара, Партугалія — 1614 (?)], іспанскі мараплавец. У 1595—96 гал. кормчы 2-й экспедыцыі А.Менданья дэ Нейры, у 1605—06 начальнік над 3 суднамі ісп. экспедыцыі, пасланай на пошукі «Паўд. зямлі» — Аўстраліі. Адкрыў шэраг астравоў з архіпелага Туамоту, а-вы Даф, Банкс і в-аў Эспірыту-Санта з групы Новых Гебрыд, які прыняў за частку «Паўд. зямлі».
т. 8, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДСКІ АРКТЫ́ЧНЫ АРХІПЕЛА́Г,
група астравоў каля паўн. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі. Належыць Канадзе. Пл. 1,3 млн. км². Насельніцтва некалькі тыс. чал., пераважна эскімосы. Найб. астравы: Бафінава Зямля, Элсмір, Вікторыя, Банкс, Дэван. Архіпелаг размешчаны на мацерыковай водмелі, складаная сістэма праліваў падзяляе яго на некалькі груп астравоў (Сведрупа а-вы, Пары архіпелаг і інш.). Абмываецца на Пн і У Паўн. Ледавітым ак. (м. Бофарта, Лінкальна, Бафіна, прал. Робсан, Кенэдзі, Сміт, бас. Кейна), на ПдУ і Пд — Атлантычным ак. (прал. Дэйвіса і Гудзонаў, бас. Фокса). У рэльефе пераважаюць узгорыстыя раўніны і плато выш. 200—500 м, складзеныя асадкавымі пародамі палеазою. На У — горныя масівы выш. да 2926 м (на в-ве Элсмір). Усх. ўзбярэжжы складзены са стараж. крышт. парод, глыбока расчлянёныя фіёрдамі. Паўн.-зах. ч. архіпелага нізінная, складзена з рыхлых марскіх адкладаў; пашыраны мярзлотныя формы рэльефу. Зледзяненне (агульная пл. ледавікоў 154 тыс. км²) на Пн, каля ўзбярэжжаў участкі шэльфавага лёду. Радовішчы нафты, газу, жал. руды. Клімат арктычны, суровы, на У больш вільготны, на З рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -23 °C на ПдУ да -35 °C на ПнЗ, ліп. ад 7 °C на Пд да 4 °C на Пн. Ападкаў ад 400—450 мм на ПдУ да 100 мм і менш на Пн. Усюды развіта шматгадовая мерзлата. Прыбярэжныя моры і пралівы 9—10 месяцаў укрыты лёдам. На Пн арктычныя пустыні, на Пд мохава-лішайнікавыя і мохава-кусцікавыя тундры. Фауна: паўн. алень, белы мядзведзь, пясец, лемінгі, тундравыя курапаткі; з эндэмікаў — мускусны бык. У прыбярэжных водах цюлені, кіты, маржы і інш. Нац. парк Ауюітук (в-аў Бафінава Зямля), некалькі рэзерватаў. Марскі промысел, рыбалоўства, паляванне. Найб. населеныя пункты: Фробішэр-Бей (в-аў Бафінава Зямля), Кеймбрыдж-Бей (в-аў Вікторыя), Рэзальют (в-аў Батэрст).
т. 7, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)