БАНГІ́
(Bangui),
горад, сталіца Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі (ЦАР). Вылучаны ў асобную адм. адзінку, прыраўнаваную да прэфектуры. Засн. ў 1889. 597 тыс. ж. (1988). Порт на р. Убангі (прыток Конга). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Праз порт Бангі праходзіць увесь знешні гандаль ЦАР і часткова дзяржавы Чад. Тэкст. камбінат; харчасмакавая прам-сць. Шліфоўка алмазаў. Зборка радыёпрыёмнікаў. Абутковая і швейная ф-кі. Ун-т.
т. 2, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЯ А́ФРА-МАЎРЫКІ́ЙСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ
(Organisation Commune Africaine et Mauricienne; ОКАМ),
аб’яднанне афрыканскіх дзяржаў. Створана на базе Афра-малагасійскага саюза (засн. ў 1961; з 1964 Афра-малагасійскі саюз эканам. супрацоўніцтва, у 1965—74 Агульная афра-малагасійская і маўрыкійская арг-цыя). Уваходзяць (1994): Бенін, Буркіна-Фасо, Кот-д’Івуар, Маўрыкій, Нігер, Руанда, Сенегал, Сейшэльскія Астравы, Тога, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР). Гал. мэта — умацаванне эканам., сац., тэхн. і культ. супрацоўніцтва краін-удзельніц. Вышэйшы орган — канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Штабкватэра ў г. Бангі (ЦАР). Друкаваны орган час. «Nations Nouvelles» («Нацыянальныя навіны»).
т. 1, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)