«БА́МБЕРГ»

(«Bamberg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва ў Вял. Айч. вайну ў Акцябрскім, Глускім, Любанскім, Петрыкаўскім, Бабруйскім р-нах. Праводзілася 20.3—4.4.1942 сіламі 3 пях. і 1 артыл. палкоў, 2 асобных паліцэйскіх батальёнаў, кав. эскадрона і авіяэскадрыллі. У ходзе аперацыі карнікі спалілі больш за 3600 жылых дамоў, расстралялі, павесілі і спалілі каля 5600 жыхароў, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей, захапілі больш за 3 тыс. галоў жывёлы, каля 200 т збожжа і фуражу. У час баёў з карнікамі партыз. атрады М.П.Бумажкова, У.Ц.Шантара, А.Г.Балахонава і некат. інш. прарваліся з блакады і перадыслацыраваліся ў інш. раёны. Атрады, якія засталіся ў раёне аперацыі і ўтрымлівалі свае пазіцыі, у маі 1942 аформіліся ў 123-ю Акцябрскую партыз. Брыгаду.

т. 2, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ВЕРЫ

(Boveri) Тэадор (12.10.1862, г. Бамберг, Германія — 15.10.1915),

нямецкі цытолаг і эмбрыёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1885). Працаваў у заал. ін-тах у Мюнхене, Вюрцбургу (адначасова праф. Вюрцбургскага ун-та). Навук. працы па вывучэнні апладнення, змяненняў унутрыклетачных структур пры дзяленні клеткі, ранняга развіцця зародка, выспяванні палавых клетак. Вызначыў розніцу праміж храмацінам палавых і саматычных клетак. Адкрыў у ланцэтніка выдзяляльную сістэму. Разам з аўстр. біёлагам К.Раблем прапанаваў тэорыю «індывідуальнасці храмасом», якая лягла ў аснову храмасомнай тэорыі спадчыннасці.

А.С.Леанцюк.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫХ

(Henri),

імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».

Генрых І Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл. Атон І).

Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.

Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).

Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».

Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).

Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл. Штаўфены). Сын Фрыдрыха І Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда І Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.

Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.

т. 5, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЫКА

(італьян. gotico літар. гоцкі ад назвы герм. племя готаў),

гатычны стыль, мастацкі стыль, пашыраны ў краінах Зах., Цэнтр., часткова Усх. Еўропы паміж сярэдзінай 12 і 15—16 ст. Вылучаюць перыяды готыкі: ранняй (12 ст.), сталай (13—14 ст.) і позняй («палымянай») з моцнымі дэкар. тэндэнцыямі (15 ст.). Прыйшла на змену раманскаму стылю, ад якога ўнаследавала вяршэнства архітэктуры ў сістэме мастацтваў і традыц. тыпы культавых будынкаў. Развіццё мастацтва готыкі адлюстравала змены ў структуры сярэдневяковага грамадства: пачатак фарміравання цэнтралізаваных дзяржаў, рост і ўзмацненне гарадоў, якія сталі буйнымі заказчыкамі арх. твораў, больш высокі ўзровень развіцця рамёстваў і тэхнікі, аслабленне асноў сярэдневяковых рэліг.-дагматычных светапоглядаў і інш.

Стыль готыкі ўзнік на Пн Францыі. Найб. спецыфічная готыка ў Італіі (зберагліся моцныя ант. традыцыі) і Іспаніі. Канструкцыйны прынцып культавага дойлідства готыкі — каркас з каменю, які пазбавіў пабудовы грувасткасці раманскіх сабораў. Унутр. слупы гатычных сабораў накшталт пучка тонкіх калон пераходзілі ўверсе ў стральчатыя аркі нясучых рэбраў (нервюраў) вельмі тонкага крыжовага скляпення. Вонкавыя паўаркі — аркбутаны перадавалі распор скляпення на спец. апорныя вонкавыя слупы — контрфорсы. Гатычныя саборы вылучаліся вял. вышынёй і былі добра асветлены вокнамі з каляровымі вітражамі (Шартрскі сабор). Гал. фасады сабораў звычайна ўпрыгожвалі карункамі рознага разнога дэкору, ажурнымі вежамі, глыбокімі «перспектыўнымі» парталамі, у цэнтры часта рабілі вял. круглае акно (ружу). Гал. відам выяўл. мастацтва готыкі была скульптура, якой упрыгожвалі фасады сабораў і іх інтэр’еры (скульптура «Коннік» у кафедральным саборы ў г. Бамберг, 1235, Германія). Найб. значныя помнікі царк. готыкі: Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Кёльнскі сабор, саборы ў Ам’ене, Страсбуры (Францыя), Кентэрберы, Уэльсе, Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане, капэла Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (Англія), саборы ў Фрайбургу, Ульме, Вене (Цэнтр. Еўропа), Мілане, Сіене (Італія), Бургасе (Іспанія), Кракаве, Гнезна, Познані, Гданьску (Польшча), Празе (Чэхія), касцёлы св. Ганны і бернардзінцаў у Вільнюсе, Рыжскі Домскі сабор і інш. Сярод грамадз. і абарончых збудаванняў: ратушы ў гарадах Арас і Камп’ень (Францыя), Бруге і Брусель (Бельгія), шэраг ісп. феад. замкаў, італьян. палацца, гар. умацаванні Таліна. У творах выяўл. мастацтва пабольшала цікавасць да складанага духоўнага свету чалавека, багацця яго перажыванняў, свету прыроды.

На Беларусі готыка адлюстравана пераважна ў архітэктуры 15—16 ст. Але тут сфарміраваўся своеасаблівы стыль, характэрны гарманічным спалучэннем рыс готыкі і рэнесансу, традыцый стараж.-рус. манум. дойлідства і ўплываў рус.-візант. стылю, што ўзбагаціла бел. готыку, надало яе помнікам непаўторны каларыт і маст. каштоўнасць. Аб’ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, з мяккай прарысоўкай ліній, арх. дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Асн. дэкар. элементы — абрамленні парталаў і аконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы і аркатура (Навагрудская Барысаглебская царква). Нярэдка завяршэнні праёмаў і парталаў мелі не спецыфічную для готыкі спічастую, а паўцыркульную форму. Маляўнічасць будынкам надавала 2-колернае вырашэнне фасадаў: заглыбленыя часткі бялілі, а выступы не атынкоўвалі, пакідалі натуральны колер чырв. цэглы (Мураванкаўская царква-крэпасць). Тэндэнцыю развіцця культавых абарончых збудаванняў у 16 ст. яскрава адлюстроўвае Сынковіцкая царква-крэпасць, якая мае стройную і гарманічную арх. кампазіцыю, створаную з гатычных, рэнесансавых і стараж.-рус. формаў. Інш. кампазіцыйныя прыёмы развіваліся ў 1-нефавых храмах з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Манум.-кампактныя аб’ёмы, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі верт. вежамі, якія надавалі будынкам рысы дынамічнай асіметрыі (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела, Дзераўноўскі касцёл Благавешчання). Арх. формы, канструкцыі і буд. тэхніка готыкі найб. характэрны для замкавага дойлідства 16—17 ст. (Гродзенскі Стары замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замкава-паркавы комплекс). У драўляным дойлідстве асобныя элементы готыкі захоўваліся да 18 ст. У канцы 18 — пач. 20 ст. канструкцыйныя прыёмы, формы і элементы готыкі сталі аб’ектам пераймання і стылізацыі, што выявілася ў архітэктуры неаготыкі.

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.; М., 1966;

Всеобщая история искусств. Т. 2, кн. 1. М., 1960;

Лясковская О.А. Французская готика, XII—XIV вв. М., 1973;

Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. Мн., 1993;

Svoboda K.M. Die Spätgolik. Wien, 1978;

Rüdiger W. Die gotische Kathedrale: Architektur und Bedeutung. Köln, 1979.

Ю.А.Якімовіч.

т. 5, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)