Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛТЫ,
група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.Ф.Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на З — славяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.
Літ.:
Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПЕ́ЖНЫЯ ДЭТА́ЛІ,
дэталі для нерухомага змацавання элементаў канструкцый і машын. Да К.д. адносяцца вінты, заклёпкі (гл.Заклёпачнае злучэнне), балты, гайкі, шпількі, шрубы, шпонкі і інш., а таксама дапаможныя дэталі — шайбы, шплінты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБО́ВАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,
раздымнае злучэнне дэталей з дапамогай разьбы. Забяспечвае адносную нерухомасць злучаных дэталей машын, прылад, апаратаў ці механізмаў. Да асн. частак Р.з. адносяцца балты, вінты і інш.крапежныя дэталі, ад канструкцыі і дакладнасці вырабу якіх залежаць трываласць і даўгавечнасць злучэння. Р.з. выкарыстоўваецца таксама ў некаторых механізмах (напр., дамкраты), машынах (вінтавыя прэсы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Балцкія плямёны 2/112; 5/299; 7/394, гл.Балты
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура фіна-угорскіх плямён, якія ў 7 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. жылі ў міжрэччы Волгі і Акі, у Верхнім Падзвінні, на Валдайскім узвышшы. Назву атрымала ад гарадзішча каля в. Дзякова (у межах Масквы). Насельніцтва жыло патрыярхальнымі сем’ямі ў наземных жытлах і паўзямлянках на гарадзішчах і паселішчах. Займалася жывёлагадоўляй, лядным земляробствам, паляваннем і рыбалоўствам, вырабляла жал. і касцяныя прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Кераміка слоікападобнай формы з тэкстыльнымі адбіткамі (адсюль інш. назва Дз. к. — тэкстыльнай керамікі культура) і арнаментам на верхняй частцы пасудзін. На тэр. Беларусі найб. даследаваныя помнікі: Загорцы, Новы Болецк, Мямлі (Гарадоцкі р-н) і інш.
Літ.:
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЁЗДАВА,
комплекс археал. помнікаў канца 9—10 ст. каля аднайменнай вёскі, за 13—15 км ад Смаленска, на беразе Дняпра; гандлёва-рамесніцкі цэнтр на шляху з «варагаў у грэкі». Складаецца з 8 курганных могільнікаў і вял. паселішча з гарадзішчам у цэнтры. У могільніках каля 2000 курганоў. Даследавана больш за 1100 пахаванняў і каля 6000 м² паселішча. Пахавальны абрад да сярэдзіны 10 ст. трупаспаленне, пазней трупапалажэнне. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 10 ст. Насельніцтва рознаэтнічнае: скандынавы, славяне, балты, асн. яго масу складалі рамеснікі і члены іх сем’яў, дружыннікі, гандляры. Раскопкамі выяўлена шмат рэчаў са Скандынавіі, Візантыі, краін Усходу, знойдзены 4 грашова-рэчавыя скарбы сярэдзіны 10 ст. З канца 10 ст. пачаўся заняпад паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТА́ЛІ МАШЫ́Н,
1) асобныя састаўныя часткі і іх найпрасцейшыя злучэнні ў машынах, прыладах, апаратах, прыстасаваннях. Робяцца з аднаго матэрыялу без выкарыстання зборачных аперацый.
Да Д.м. адносяцца валы, восі, спружыны, падшыпнікі, муфты, шпіндэлі, поршні, шасцерні, балты, заклёпкі, шпонкі і інш., а таксама злучэнні (раздымныя — балтовыя, шпоначныя, шліцавыя, клінавыя, профільныя; нераздымныя — зварныя, заклёпачныя, прэсавыя), перадачы (трэннем — фрыкцыйныя і раменныя; счапленнем — зубчастыя, вінтавыя, чарвячныя, ланцуговыя).
2) Навук. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю, разлікі і канструяванне Д.м. Яе задачы: выбар матэрыялаў для вырабу дэталей; наданне дэталям мэтазгодных форм і памераў, якія забяспечваюць трываласць канструкцый; вызначэнне ступені дакладнасці памераў, якасці рабочых паверхняў дэталей; распрацоўка тэхн. умоў на выраб Д.м. і інш. Звязана з механізмаў і машын тэорыяй, супраціўленнем матэрыялаў, матэрыялазнаўствам, тэхнічнай дыягностыкай, надзейнасцю вырабаў, тэхн. чарчэннем.
Літ.:
Детали машин. Расчет и конструирование: Справ. Т. 1—3. 3 изд. М., 1968—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
група індаеўрапейскіх моў. Адны з найб. архаічных; добра захоўваюць стараж. індаеўрап. моўную аснову. Паводле структуры найб. блізкія да славянскіх моў. Падзяляюцца на ўсходнюю (сучасныя літоўская мова і латышская мова) і заходнюю (мёртвыя мовы — старажытнапруская мова, яцвягаў мова і куршская) групы. Некаторыя даследчыкі дапускаюць існаванне ў мінулым трэцяй — верхнедняпроўскай групы. Адзначалася тэндэнцыя (у пэўнай ступені захоўваецца і цяпер) фарміравання асобнай латгальскай мовы на аснове ўсх.-латышскага дыялекту.
У наш час арэал пашырэння балтыйскіх моў у асн. абмяжоўваецца тэр. Літвы і Латвіі. У мінулым вобласць, дзе жылі балцкія народы і плямёны, была ў некалькі разоў большая, пра што сведчаць шматлікія назвы рэк і азёраў (гідранімія), нас. пунктаў, урочышчаў (тапанімія і мікратапанімія) у тых рэгіёнах, дзе цяпер балты не жывуць; пісьмовыя звесткі і запазычанні з балтыйскіх моў у інш. мовах. Арэал балцкай гідраніміі ахоплівае частку Беларусі, ПнУ Польшчы, Укр. Палессе на У ад Гарыні, частку Расіі (бас. Дзясны, верхняй і сярэдняй Акі, вярхоўі Дняпра і Волгі, Падмаскоўе, паўд. Пскоўшчыну) і інш. Найбольш балтызмаў у бел. мове, менш у польск., рус. і ўкр. мовах, сустракаюцца ў чэшскай, балг., сербскахарвацкай, славенскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВА́летапісная,
назва племяннога саюзу, пазней гісторыка-геагр. і этнічнай вобласці. На ПнЗ сучаснай Рэспублікі Беларусь і ПдУ сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Упершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009, ва ўсх.-слав. летапісах — пад 1040 (у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Л.). У «Аповесці мінулых гадоў» Л. названа сярод тых плямён і народаў, якія плацілі даніну Русі. Этымалогія тэрміна канчаткова не высветлена. У позніх бел.-літ. летапісах даецца міфалагічна-легендарнае тлумачэнне паходжання тэрміна «Л.» ад лац. слоў «літус туба» («літус» — бераг, «туба» — труба), якімі нібыта называлі прынёманскія землі рымляне, што, паводле легенды, перасяліліся сюды з Італіі. Сучасныя даследчыкі звязваюць назву Л. з балцкімі або слав. каранямі lietā, lieti (ліць, цячы), з назвай р. Ліетаўка ці Ліетава (прыток Віліі), кельцкім словам Litawia (прыбярэжная краіна), з бел. дыялектным «лютвін» (люты) і інш. Першапачатковая лакалізацыя тапоніма Л. канчаткова не вывучана. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэдневяковай Л. з арэалам штрыхаванай керамікі культуры на познім этапе (пач.н.э.). У такім разе ўзнікненне назвы гіст. вобласці Л. датуецца пачаткам нашай эры. Ад наймення «Л.» паходзіць адна з назваў жыхароў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі — літвіны.
Літ.:
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989;
Яго ж. Где была летописная Литва? // Тез. докл. к конф. по археологии Белоруссии. Мн., 1969;
Непокупный А.П. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.