горад на Пн Італіі, на р. Рэна, каля падножжа Паўн. Апенінаў. Адм. ц. правінцыі Балоння і вобласці Эмілія-Раманья. Ва ўзгорыстай мясцовасці з высокаразвітой сельскай гаспадаркай (сады і вінаграднікі). 395 тыс.ж. (1993). Займае выгаднае трансп. становішча на шляхах з Паўн. Італіі на Пд. Вузел чыгунак, аўтадарог; аэрапорт; злучаны суднаходным каналам з р. По. Машынабудаванне (у тым ліку дакладнае), чорная металургія, хім., керамічная (вырабы з маёлікі), фармацэўтычная, лёгкая, харч., паліграф.прам-сць. Цэнтр атамных даследаванняў.
З канца 6 ст. да нашай эры Балоння (Фельсіна) сталіца этрускаў. У 4 ст. да нашай эры захоплена племем бояў (адсюль сучасная назва). З 189 да нашай эры Балоння — рым. калонія Банонія. На пач. 8 ст. захоплена лангабардамі, пазней была пад уладай франкаў, папы рымскага. У 1114 дамаглася статуса гар. камуны. У канцы 11 ст.засн.Балонскі універсітэт. У 1506—1860 (з перапынкам у 1796—1815) Балоння ў складзе Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Абрысы сярэдневяковай Балонні (вузкія прамыя вуліцы, дамы з аркадамі на 1-м паверсе, фасады гатычных палацаў) склаліся ў 11—15 ст. У цэнтры горада — плошчы Маджорэ і Нептуна з царквой Сан-Петроніо (14—17 ст.), «Палацам караля Энца» (1246), Палацца Камунале (13—15 ст.), Палацца дэль Падэста (13—15 ст.) і фантанам «Нептун» (1566). Комплекс раманскіх цэркваў 11—13 ст. Сан-Стэфана; нахіленыя дамы-вежы Торэ Гарызенда (1110), Торэ Азінелі (1009—1119); цэрквы Сан-Франчэска (13 ст.) і Сан-Даменіка (13—18 ст.); рэнесансавыя і барочныя дамы. Музеі: Нац. пінакатэка, Гар. музей, Галерэя сучаснага мастацтва. Захаваліся шматлікія некропалі этрускаў 6—4 ст. да нашай эры
Літ.:
Rubbi P. E. Guida alla Bologna d’oggi. Bologna, 1975.
рымскі папа з 1572. Натхніцель контррэфармацыі ў еўрап. дзяржавах. Падтрымліваў франц. католікаў у іх барацьбе з гугенотамі, садзейнічаў узмацненню езуітаў. Імкнуўся пашырыць каталіцызм у Расіі, Японіі, Кітаі. Грыгорый XIII правёў рэформу календара (1582), ад яго імя назва стылю — грыгарыянскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМБАЛО́НЬЯ
(Giambologna),
Джавані Балонья (Giovanni Bologna; сапр.Жан дэ Булонь; Jean de Boulogne; 1529, г. Дуэ, Францыя — 13.8.1608), італьянскі скульптар, прадстаўнік маньерызму. У 1554 або 1555 прыехаў у Рым, дзе, верагодна, вучыўся ў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі пры двары Медычы, а таксама ў Балонні, Генуі. Выконваў багата дэкарыраваныя фантаны, скульпт. групы і статуі, статычныя конныя помнікі («Нептун», Балоння; «Козіма I Медычы», 1593, Фларэнцыя). Развіваючы ідэі Б.Чэліні, імкнуўся да стварэння «ідэальна круглай» скульптуры з уласцівай ёй прасторавай свабодай і магчымасцю ўсебаковага агляду (спіралепадобная па кампазіцыі група «Выкраданне сабінянак», 1583, Фларэнцыя), да арган. сувязі з прыродным асяроддзем («Алегорыя Апенін», Праталіна). Манерная вытанчанасць прапорцый і рухаў, дынамічнасць кампазіцыі, віртуозная дакладнасць апрацоўкі матэрыялу («Меркурый», 1564, Балоння, і 1580, Фларэнцыя) спалучаюцца ў Дж. з натуралістычнымі эфектамі (статуі птушак для грота вілы ў Кастэла, Фларэнцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМА́ЛЬДЗІ (Grimaldi) Франчэска Марыя
(2.4.1618, г.Балоння, Італія — 28.12.1663),
італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.Б.Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕНІКІ́НА [Domenichino; сапр.Цамп’еры
(Zampieri) Даменіка; 21.10.1581, г.Балоння, Італія — 6.4.1641),
італьянскі жывапісец-акадэміст, прадстаўнік балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Балонні ў Л.Карачы. З 1602 працаваў пераважна ў Рыме. Творам Д. (фрэскі ў рымскіх цэрквах Сан-Луіджы дэі Франчэзі, 1616—17, і Сант-Андрэа дэла Вале, 1624—28; карціны «Апошняе прычасце св. Іераніма», 1614, «Паляванне Дыяны», 1617—18) уласцівы цэльная кампазіцыя, выразны ідэалізаваны малюнак, стракаты лакальны каларыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВА́НІ (Galvani) Луіджы
(9.9.1737, г.Балоння, Італія — 4.12.1798),
італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскі ун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
школа італьян. жывапісу. Узнікла ў г.Балоння каля 1585 пасля заснавання братамі Карачы «Акадэміі тых, хто стаў на правільны шлях», дала пачатак развіццю акадэмізму ў еўрап. мастацтве і будучых акадэмій мастацкіх. Пад гэтым тэрмінам маюць на ўвазе адну з плыняў у італьян. жывапісе перыяду фарміравання і росквіту барока.
У канцы 16—17 ст. мастакі Балонскай школы жывапісу Карачы, Г.Рэні, Гверчына, Даменікіна апіраліся на вонкавае ўспрыманне маст. прыёмаў майстроў высокага Адраджэння, выпрацавалі эфектыўныя дэкар. кампазіцыі на рэліг. і міфалагічныя тэмы, манум.-дэкар. размалёўку, распрацавалі тыпы манум. алтарнай карціны і т.зв. гераічнага пейзажа. У далейшым акадэмізм алонскай школы ператварыўся ў безжыццёвую маст. Плынь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з старэйшых навуч. устаноў у Еўропе. Засн. Ў 11 ст. ў г.Балоння (Італія). Асновай ун-та стала аб’яднанне вучняў, якія прыбылі з розных месцаў для вывучэння юрыспрудэнцыі. У 12—15 ст. карыстаўся вялікай папулярнасцю; у 13 ст. колькасць навучэнцаў даходзіла да 10 тыс.чал. Па сутнасці ун-т стаў юрыд.навуч. установай. Гал. прадметамі выкладання былі рымскае і кананічнае права. У 14 ст. ўзніклі ф-ты філасофіі, медыцыны і тэалогіі. Зараз ун-т — важны вучэбна-навуковы цэнтр Італіі. Ф-ты: юрыд., паліт. навук, эканомікі і камерцыі, філасофіі і мастацтваў, матэм., фізікі і прыродазнаўчых навук, мед., фармакалогіі, прамысл. хіміі, інжынерны, с.-г., ветэрынарны. Б-ка ун-та засн. ў 1712.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,
саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха 1 Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НКІ,
група парод дробных даўгашэрсных дэкар. сабак. Выведзены ў г.Балоння (Італія). У свеце больш вядомыя пад назвай бішоны: вялікі, гаванскі, бішон-фрыз, бішон-ліо і інш. Гадуюцца сабакаводамі-аматарамі ўсюды.
Найб. пашыраны балонкі: мальтыйская (балонскі бішон), выш. ў карку 20—25 см пры масе 3—4 кг (іншы раз да 5 кг), поўсць белая, прамая, шаўкавістая, тонкая; французская (бішон-фрыз), выш. ў карку 20—26 см, поўсць белая, доўгая, мяккая, хвалепадобная або кучаравая з густым падшэрсткам. Ва ўсіх балонак морда карацейшая за чэрап, вушы віслыя, на храстку, канстытуцыя сухая, мускулістая. Сабакі разумныя, рухавыя, даўгавечныя. Гадуюць таксама каляровых балонак, выведзеных у 1950-я г. ў Ленінградзе скрыжаваннем з пекінесамі і тыбецкімі тэр’ерамі, ад якіх яны атрымалі ў спадчыну масць розных адценняў, больш расцягнутае тулава і вышыню да 28 см.